Рыгор Астапеня: Беларускі рэжым паказвае, што гатовы да зменаў



Вынікі парламенцкіх выбараў здзівілі шмат каго ў Беларусі: мала хто верыў, што рэжым Лукашэнкі дазволіць незалежным кандыдатам трапіць у “парламент”, але гэтыя выбары паказалі, што ўлады хочуць выглядаць як гатовыя да пераменаў.

10384590_10203790465755947_2492676652587532297_n-833x400

Беларусь і Захад мусяць стварыць новы парадак дня, пра гэта на старонках Belarus Digest піша дырэктар па развіцці Цэнтра Астрагорскага і галоўны рэдактар Беларускага інтэрнэт-часопіса “Ідэя” Рыгор Астапеня.

РР: Агульнае ўражанне ад вашых меркаванняў такое, што вы спадзеяцеся, што Беларусь надалей будзе адкрытая для супрацы з Захадам. Нават да таго, каб дапусціць замежныя фонды.

Рыгор Астапеня: Сёння трэба выпрацаваць новы парадак дня, які павінен улічыць, што сапраўды беларускі рэжым мае здольнасці паказваць, што ён гатовы да зменаў. Але пры гэтым неабходна ўлічваць, што рэжым застаецца рэжымам і мяняцца ў яго вялікага жадання няма. Неабходна знайсці нейкія патрабаванні, якія б адначасова пашыралі прастору дэмакратыі ў Беларусі, але пры гэтым наўпрост не пагражалі б Аляксандру Лукашэнку. Гэта тое, на што ён пагадзіўся б. Бо калі мы кажам пра патрабаванне свабодных выбараў, мы ўяўляем, што гэта фактычна патрабаванне, каб Лукашэнка сышоў. Таму трэба шукаць тое, на што пагадзіўся б ён, і што карысна для Беларусі.

РР: Гэта была б такая форма згоды Захада і Беларусі без  беларускай дэмакратычнай супольнасці?

Рыгор Астапеня: Пытанне ў тым, ці здольная сёння беларуская дэмакратычная супольнасць нечага самастойна патрабаваць. Сёння мы знаходзімся ў такім становішчы, што дэмакраты самі па сабе патрабаваць нічога не могуць. Прынамсі, патрабаваць яны могуць, але дасягнуць мэты – не. І тут, безумоўна, неабходна выкарыстоўваць тое, што сёння Захад мае ўплыў на рэжым Лукашэнкі, і спрабаваць дамагчыся большай прасторы  дэмакратыі ўнутры краіны.

РР: У чым вы бачыце магчымыя саступкі рэжыму? На якія саступкі Лукашэнка мог бы пайсці? Маем двух апазіцыйных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, што яшчэ афіцыйны Менск можа зрабіць?

Рыгор Астапеня: Праз два гады ў нас будуць мясцовыя выбары, і я думаю, што Лукашэнка лёгка мог бы дапусціць некалькі дзясяткаў чалавек у мясцовыя саветы. У прынцыпе, гэта нічым не пагражае ягонай уладзе, і хутчэй гэта будзе замінаць кіраўнікам мясцовай наменклатуры.

Таксама мне падаецца, што Захад мусіць перамясціць офісы фондаў, якія працуюць з нашай краінай, у Беларусь. Гэта было б больш эфектыўна, і калі б яны працавалі ўнутры краіны, яны маглі б даць большую падтрымку людзям.

РР: Але доўгі час гэтыя фонды фігуравалі як “страшылка” у афіцыйнай беларускай прапагандзе, як арганізацыі, якія фінансуюць рэвалюцыю.

Рыгор Астапеня: Так, безумоўна. Але і прадстаўнікі апазіцыі яшчэ некалькі гадоў таму былі “адмарозкамі”, але сёння Ганна Канапацкая стала дэпутам Палаты прадстаўнікоў. Мне падаецца, гэтыя рэчы мяняюцца, і іх трэба разумна выкарыстоўваць, бо калі мы будзем арыентавацца толькі на тыя патрабаванні, якія Лукашэнка не можа выканаць, то мы можам нічога не атрымаць. Трэба па кроках павялічваць колькасць тых, хто працуе ўнутры краіны, колькасць заходніх інстытуцый, колькасць дэмакратычных прадстаўніцтваў. І гэта прывядзе да нейкіх зменаў у будучым, а магчыма нават і зараз.  Бо пакуль, будзем шчырымі, рэвалюцыя ў Беларусі не прадвяшчаецца. І гледзячы на стан беларускай апазіцыі нават цяжка сабе ўявіць, што яна здольная нейкім чынам кінуць выклік Аляксандру Лукашэнку.

РР: Вы здзіўлены вынікам выбараў?

Рыгор Астапеня: Я не думаю, што беларуская апазіцыя нас нечым уразіла ці здзівіла.  Бо ў прынцыпе, што мы прагназавалі, тое і адбылося. Найбольш нас здзівілі ўлады, бо, сапраўды, амаль ніхто не чакаў, што Лукашэнка дазволіць прапусціць некалькі чалавек у „парламент”. Мы можам казаць, што гэты заканадаўчы органа маргінальны , што ён нічога не вырашае ў Беларусі, але гэта залежыць ад людзей. Калі Ганна Канапацкая захоча выкарыстоўваць дэпутацкую трыбуну для большага ўплыву на грамадства, то яна мае такую магчымасць. І тут няма праблемы ў тым, што гэты орган маргінальны.

РР: Або нават тыя дэпутацкія прывілеі, якія ў іх ёсць – недатыкальнасць і т.д.

Рыгор Астапеня: Так, і прадстаўнікі апазіцыі ўпершыню будуць атрымліваць прыстойны дзяржаўны заробак. Гэта велізарныя змены.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя