Саакашвілі: Беларусы маюць патэнцыял для свабоды (абноўлена)



Былы прэзідэнт Грузіі і цяперашні кіраўнік Адэскай вобласці Міхаіл Саакашвілі правёў публічную сустрэчу ў варшаўскім “Украінскім Свеце”. Адказваючы на пытанне пра Беларусь, палітык зазначыў, што разумее праблемы, звязаныя з кіраваннем Лукашэнкі, і адзначыў, што ў беларускага народа ёсць велічэзны патэнцыял для свабоднага жыцця:

Я ўпэўнены, што ў беларускага народа вялізны патэнцыял для развіцця дэмакратыі, жыць ва ўмовах свабоды і мець будучыню. Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. Думаю, маецца выдатны інтэлектуальны патэнцыял, супермоладзь. Па сутнасці, пасля вырашэння ўсіх праблем Беларусь будзе значна хутчэй ісці ў Еўропу, чым кожная іншая з нашых краін. Проста зыходзячы з прыроды, геаграфіі, характару народа і аб’ектыўных рэаліяў, якія паўстаюць у гэтым рэгіёне.

У 2005 годзе Міхаіл Саакашвілі некалькі разоў выступаў з заявамі пра неабходнасць дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі, але ўжо праз 5 гадоў прэзідэнт Грузіі віншаваў Лукашэнку з абраннем на т.зв. “выбарах” у той час, калі міліцыянты жорстка разганялі Плошчу. Былы прэзідэнт патлумачыў, што віншаванне было ўдзячнасцю за непрызнанне Лукашэнкам незалежнасці Абхазіі ды Паўднёвай Асетыі:

– Лукашэнка быў пад моцным ціскам Крамля. Яму прапаноўвалі нават 2 мільярды даляраў у эканоміку, якая тады была ў дрэнным стане. Праўда, і цяпер у ёй вялікія праблемы ёсць. І ён не прызнаў незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асетыі. Я гэтага не магу забыць. Для Грузіі, маленькай краіны, гэта было вельмі важна. Таму вы павінны зразумець: былі канкрэтныя палітычныя ўмоўнасці, ад якіх я і цяпер не адмаўляюся.

Таксама Міхаіл Саакашвілі зазначыў, што з-за афіцыйнай пазіцыі Беларусі па Грузіі не мог тады паступіць іначай.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Лешэк Кшыштаф Імельскі