Сейм Польшчы патрабуе вызвалення Надзеі Саўчанкі



Польскі парламент прыняў рэзалюцыю з патрабаваннем неадкладнага вызвалення Надзеі Саўчанкі. У дакуменце зазначана, што Расея, якая ратыфікавала статут Рады Еўропы ў 1996 годзе, абавязана вызваліць і перадаць Украіне арыштаваную лётчыцу.

Пазней пад амбасадай Расеі ў Варшаве сабраўся мітынг у падтрымку Надзеі Саўчанкі, на які апроч звычайных грамадзянаў прыйшлі польскія палітыкі.

Дэпутат Сейма з партыі “Права і справядлівасць” Малгажата Гасеўска зазначыла, што польскі парламент, нягледзячы на ўнутраныя падзелы, адзінадушна прыняў пастанову:

– Без ніводнага голасу супраць мы прынялі гэту рэзалюцыю і гэта вельмі істотна. Надзя Саўчанка з’яўляецца для нас сімвалам незалежнай, вольнай, дэмакратычнай Украіны, з’яўляецца сімвалам змагання з расейскім акупантам і павінна нам нагадваць пра тое, чым з’яўляецца пуцінская Расея. Варта памятаць, хто насамрэч стаіць за вайной ва ўсходняй Украіне, за анексіяй Крыма, за жахлівымі ваеннымі злачынствамі на Данбасе, Крыме – ім з’яўляецца злачынца, тэрарыст Пуцін.

Дэпутат Сейма ад апазіцыйнай партыі “Грамадзянская платформа” Марцін Свянціцкі параўнаў Надзею Саўчанку з сусветна вядомымі гістарычнамі постацямі, якія змагаліся за свабоду і правы чалавека:

– Для ўкраінскага народа Надзея Саўчанка становіцца такім самым сімвалам, якім быў Марцін Лютэр Кінг для амерыканцаў, якім быў Нэльсан Мандэла для афрыканцаў з поўдня, якім быў Барыс Нямцоў, якім быў ксёндз Папялушка. Людзі, якія маглі супрацьстаяць рэжыму і вырашылі супрацьстаяць бяспраўю і несправядлівасці, якія маглі аддаць сваё жыццё змагаючыся за справядлівасць, правы чалавека, права жыць у свабодзе, у дэмакратыі.

Удзельнікі мітынга пад расейскай амбасадай звярнуліся да польскіх ўладаў з просьбай увесці дадатковыя санкцыі супраць Крамля, а таксама заклікалі краіны Захаду аказаць ціск на Расею, каб афіцыйная Масква неадкладна вызваліла Надзею Саўчанку і яшчэ 27 украінскіх грамадзянаў, якія незаконна знаходзяцца пад вартай на расейскай тэрыторыі.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара