Што чакае Малдову?



Галоўны рэдактар малдоўскай газеты “Curierul Economic” Любоў Лупашко распавядае, што пасля выбараў у Малдове распачнуцца пратэсты.

Як вядома, у Малдове падчас другога тура прэзідэнцкіх выбараў паводле папярэдніх дадзеных перамог прарасейскі кандыдат ад сацыялістаў Ігар Дадон. У другім туры яму аддалі галасы 54,5% выбарцаў, за лідара праеўрапейскай партыі Маю Санду прагаласавала 45,5%.

Любоў Лупашко: Дадон – гэта праект Уладзіра Плахатнюка, які з’яўляецца віцэ-старшынёй Дэмакратычнай партыі. Дарэчы, сам Плахатнюк перад другім турам заяўляў у СМІ, што Ігару Дадону, калі той пераможа, не ўдасца змяніць знешнепалітычны вектар, які выбрала Малдова. Маўляў, месца краіны – побач з Еўразвязам. Але партыя “закансервавала” свайго лідара, які зараз будзе прэзідэнтам, а Плахатнюк зараз будзе займацца падрыхтоўкай да парламенцкіх выбараў, якія адбудуцца праз два гады.

РР: Як успрынялі перамогу Ігара Дадона тыя, хто галасаваў за праеўрапейскага кандыдата?

Любоў Лупашко: Ужо сёння ў Кішынёве пачынаюцца пратэсты. Вядома, што шмат незадаволеных, шмат людзей з дыяспар не паспелі прагаласаваць, бо Цэнтрвыбаркам даў ім па 3 тысячы бюлетэняў, і многім іх проста не хапіла. Дарэчы, ужо вядома, што тыя выбарцы, хто галасаваў за Маю Санду, не будуць слухаць навагодняша віншавання Дадона. Гэта таксама свайго роду форма пратэсту.

РР: Ці можна тэарэтычна спрагназваць, што пры новым кіраўніцтве Малдова можа далучыцца да Еўразійскага саюза?

Любоў Лупашко: Не думаю, хаця, безумоўна, нейкія крокі ў гэтым накірунку ўжо зроблены. Ва ўсялікім выпадку, высокія госці з Масквы ў Кішынёў ужо паплылі. Далучыць Малдову да свайго саюза ім можа і не ўдасца, але віна ў нас хапае. Хоць пап’юць…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя