Што дасць Рыжскі саміт Беларусі?



Палітолаг Андрэй Фёдараў распавядае, чаго можна чакаць ад саміта “Усходняга партнёрства”, які 21-22 траўня пройдзе ў Рызе.

У СМІ з’явілася інфармацыя, што на Рыжскім саміце „Усходняга партнёрства” Беларусь будзе прадстаўляць не Аляксандр Лукашэнка, а прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, хоць інфармацыя пакуль афіцыйна не пацверджана. На якія вынікі можа разлічваць Беларусь на гэтым форуме?

Андрэй Фёдараў: Не выключаю, што на саміце будзе парафіравана візавае пагадненне аб змягчэнні візавага рэжыму для беларусаў у краіны Еўразвязу. А вось нейкіх сур’ёзных дывідэндаў для эканомікі, як мне падаецца, чакаць не даводзіцца. У Еўропе зараз не тыя настроі на “Усходняе партнёрства”.

РР: Наколькі форум у Рызе значная падзея для афіцыйнага Менска?

Андрэй Фёдараў: Не думаю, што больш значная, чым папярэдні саміт у Вільні. Але сам факт удзелу ў ім – гэта падзея, хоць перабольшваць яе значэнне не варта.

РР: З’явілася інфармацыя, што Беларусь у Рызе будзе прадстаўляць Кабякоў, а не Лукашэнка…

Андрэй Фёдараў: Прэм’ер-міністр – гэта таксама даволі значны ўзровень. Гэта яшчэ раз пацвярджае здагадкі, што беларусаў на форуме больш за ўсё будуць цікавіць эканамічныя накірункі.

РР: Ці можна зараз казаць, што беларуска-еўрапейскія стасункі з кожным днём усё больш паляпшаюцца?

Андрэй Фёдараў: У параўнанні з тым, што было чатыры гады таму пацяпленне назіраецца, але да поўнай гармоніі яшчэ далёка, бо існуюць пэўныя перашкоды. Мяркую, што афіцыйны Менск крыху баіцца ісці на вялікае збліжэнне з Еўропай, бо перад вачыма стаіць вопыт Украіны. Ды і сам не вельмі хоча штосьці змяняць унутры краіны. Радыкальнага прарыву ў гэтых стасунках чакаць не трэба.

РР: Ці гатова Еўропа прыняць беларускія ўлады такімі, якія яны ёсць?

Андрэй Фёдараў: Еўрачыноўнікі кажуць, што не гатовы. Мы ж бачым, што не змяняюцца еўрапейскія санкцыі, не здымаецца з павесткі дня пытанне палітвязняў. Паўтаруся, до поўнай нармалізацыі адносін яшчэ далёка.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gordonua.com