Што прывёз з Масквы Лукашэнка?



Вынікі візіта Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву аналізуе палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Андрэй Суздальцаў: Многія адзначылі, што гэтым разам сустрэча прайшла досыць спакойна, гэдак жа і выглядаў і беларускі кіраўнік, хаця, як звычайна, ён скардзіўся на эканамічныя праблемы ў краіне. Гэта, дарэчы, становіцца традыцыяй, таму для Крамля тут нічога новага не было. У выніку быў плаўны пераход на “нафтагазавае пытанне”, хаця тут, мне падаецца, Масква для сябе ўжо расставіла акцэнты. Маўляў, ёсць запазычанасць за газ, і яе трэба ліквідаваць, як бы хто не круціўся. Таксама, наколькі вядома, абмяркоўвалі міжнародную тэматыку, і ў прыватнасці перамогу Трампа ў ЗША. Думаю, для Лукашэнкі гэтая перамога таксама стала поўнай нечаканасцю, хаця ён зараз і робіць выгляд, што ўсё было прадказальна. А ўвогуле, як ужо казаў, візіт прайшоў досыць спакойна, без асаблівых скандалаў і скандальных заяў.  

РР: Што стала галоўным вынікам сустрэчы?

Андрэй Суздальцаў: Нічога глабальнага не адбылося, звычайны рабочы візіт. Кожны выказаўся і кожны застаўся пры сваім. Беларускі бок, безумоўна, найперш цікавіць, калі і колькі можа даць Расея грошай альбо іншых субсідый. Але ж гэтыя пытанні ў момант не вырашаюцца. Тым больш, калі яшчэ не так даўно афіцыйны Менск быў так бы мовіць пасярэднікам паміж Крамлём і Захадам, то зараз расклад крыху памяняўся і з’явіліся іншыя сур’ёзныя гульцы-пасярэднікі. А значыцца дыктаваць нейкія ўмовы беларускія ўлады не могуць.

Кастусь Заблоцкі, Беларуская Радыё Рацыя