Скарга палітзняволенага Юрыя Рубцова засталася без задавальнення



Касацыйная скарга палітзняволенага Юрыя Рубцова, разгледжаная ў Берасцейскім абласным судзе засталася без задавальнення, а прысуд суда Пружанскага раёна без змянення.

Паводле старшыні Берасцейскай абласной арганізацыі прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Зінаіды Міхнюк, асабліва аб гэтым пастараўся прысутны на судзе пракурор Берасцейскай абласной пракуратуры Аляксандр Жэшка:

 – Жэшка Аляксандр пракурор Берасцейскай абласной пракуратуры быў за тое, каб не дадаваць да матэрыялаў справы выпіску Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека пра тое, што Юры Рубцоў прызнаны палітычным зняволеным. Калегія абласнога суда не далучыла выпіскі  пацвердзіла быццам бы Пружанскі суд усё вырашыў правільна.

Працэс прайшоў без прысутнасці Юрыя Рубцова. Яго не прывезлі з Баранавіцкага СІЗА.

Паводле адваката Людмілы Казак, рашэнне абласной калегіі будзе абскарджана. Яна адразу накіравалася з Берасця ў Баранавічы на сустрэчу з Юрыем Рубцовым.

Нагадаем, што Юрый Рубцоў асуджаны Пружанскім судом на два гады калоніі нібы затое, што адмаўляўся працаваць, знаходзячыся ў спецкамендатуры №7 у Купліне Пружанскага раёна.

Беларускае Радыё Рацыя