Спецдакладчык ПАСЕ Рыгоні сустрэнецца з Лукашэнкам



Спецдакладчык па Беларусі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Андрэа Рыгоні 23—24 сакавіка наведае Беларусь.

Як паведамляе прэс-служба Савета Еўропы, падчас візіту запланаваныя сустрэчы Рыгоні з Аляксандрам Лукашэнкам, старшынямі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, а таксама ў Міністэрстве замежных спраў і Міністэрстве юстыцыі.

Акрамя таго, Рыгоні плануе сустрэцца з членамі парламенцкай рабочай групы па праблематыцы смяротнай кары, кіраўніком Канстытуцыйнага суда, старшынёй Цэнтрвыбаркама, лідарамі апазіцыі і праваабаронцамі.

У красавіку камітэт ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі разгледзіць даклад Рыгоні пра сітуацыю ў Беларусі.

belapan.by