„Прапагандысцкія акцыі заўсёды шмат каштуюць”



«Сабраліся выпадковыя людзі, атрымалі падарункі, паелі-папілі і дружна прагаласавалі»,— кажа пра Усебеларускі сход былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

IMG_20160622_102355

Сёння, 22 чэрвеня, ў Менску пачаўся Усебеларускі народны сход, на які з’ехаліся больш за 2 тысячы дэлегатаў. Журналісты ўжо падлічылі, што на арганізацыю гэтага «партыйнага з’езду» спатрэбілася недзе каля 400 тысяч даляраў. Адным словам, баль падчас чумы…

Станіслаў Шушкевіч: Гэта тыповы партыйны з’езд савецкіх часоў. Нічога іншага, як капіраваць старое, наша ўлада прыдумаць не можа. Так, тэарэтычна ў Беларусі існуе прадстаўнічая ўлада і трэба з ёй раіцца. Але вы калі-небудзь чулі, каб нейкі дэпутат выступаў з крытыкай улады? Калі толькі накрадзе ды зловяць гэтага дэпутата, тады пра яго чутно. Але ўвогуле на прадстаўнічую ўладу ніхто не звяртае ўвагу. Тое самае і з гэтым сходам. Там жа няма абмеркавання, няма крэатыўных думак, няма аналізу. Сабраліся выпадковыя людзі, атрымалі падарункі, паелі-папілі і дружна прагаласавалі. Яны прагаласуюць за ўсё, што ім прапануюць. Дарэчы, Уладзімір Някляеў добра сказаў, што, калі ён хацеў у свой час патрапіць на такі ж “хурал” і за гэта сабраў 20 тысяч подпісаў беларусаў, на сход яго ўсё роўна не пусцілі. А не пусцілі таму, што Някляеў не ўпісваецца ў “кампанію”, якая спявае гімн уладзе, каторая давяла народ да ручкі. Адзін паказчык – сярэдні заробак у Беларусі ў тры разы меншы, чым у той жа суседняй Польшчы. Але і гэта на сходзе ўхваляць, як дасягненне.

РР: Падлічана, што гэта таксама не таннае мерапрыемства. Навошта кідаць грошы на вецер у крызіс?

Станіслаў Шушкевіч: Прапагандысцкія акцыі заўсёды шмат каштуюць. Іншая справа, што гэта сход — абсалютна непатрэбная рэч. Няхай ідуць і справамі даказваюць нешта. А то планы яны будуць прымаць… У званы трэба біць, а не планамі займацца. У краіне эканоміка збанкруцілася, інфляцыя велізарная за час праўлення гэтай улады. Таму не было 20 гадоў аналізу і не будзе далей, бо ўлада не здольная гэта зрабіць. А калі нехта і здольны, то ён будзе лепш маўчаць.

РР: А як, на ваш погляд, народ ставіцца да такіх мерапрыемстваў?

Станіслаў Шушкевіч: Народу ўсё роўна, бо ён заняты праблемай самавыжывання. Людзі ведаюць, што спадзявацца трэба найперш на сябе, а не на гэтых “планавікоў”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя