Статкевіч праінфармаваў дэлегацыю ЕС пра сітуацыю з затрыманымі



Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч праінфармаваў 4 красавіка дэлегацыю Еўрасаюза, якая знаходзіцца ў Менску, аб сітуацыі з затрыманымі ў Беларусі па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

Дэлегацыю ўзначальвае выканаўчы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Томас Майер-Хартынг. На сустрэчы са Статкевічам таксама прысутнічала кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын.

Праграма візіту дэлегацыі ЕС у Беларусь не раскрываецца. Вядома, што 5 красавіка запланаваная сустрэча дэлегацыі з апазіцыйнымі палітыкамі, сёння ў сустрэчы ад беларускага боку ўдзельнічаў толькі Статкевіч.

„Думаю, гэта была дэманстрацыя, скажам так, увагі да майго лёсу, нейкі сігнал уладам, што за ім назіраюць”, — паведаміў БелаПАН палітык.

Паводле слоў Статкевіча, на сустрэчы ён расказаў пра сітуацыю з затрыманымі па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. „Міжнародная грамадскасць будзе рэгулярна інфармавацца пра іх лёс. За ўвесь час пратэстаў няма нават пабітых дзвярэй, не паставілі ніводнага сіняка сілавіку. Такі жорсткі адказ на мірны пратэст выклікае шок і здзіўленне”, — сказаў ён.

Статкевіч таксама паведаміў, што на сустрэчы ён выказаў меркаванне пра тое, што падтрымка беларускіх уладаў з боку ЕС павінна праводзіцца толькі пасля рэформаў у краіне.

Паводле звестак праваабаронцаў, з 26 затрыманых па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў пад арыштам застаецца 21 чалавек, дзесяці з іх выстаўленыя абвінавачанні на падставе ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Многія з затрыманых — былыя члены патрыятычнай арганізацыі „Белы легіён”, якая не існуе ўжо 15 гадоў, а таксама актывісты афіцыйна зарэгістраванага бабруйскага клуба „Патрыёт”. У межах гэтай крымінальнай справы таксама затрыманыя некаторыя актывісты „Маладога фронту” на чале з Дзмітрыем Дашкевічам.

Фота svaboda.org