Стратэгічная адзінота Беларусі і расейскі шавінізм



Беларусь фактычна не мае сяброў у сучасным палітычным свеце. І за гэта трэба “падзякаваць” найперш кіраўніку краіны – такое меркаванне выказвае кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog – Андрэй Паротнікаў. img_20161123_165203

РР: Аляксандр Лукашэнка толькі што вярнуўся са свайго візіту ў Маскву. Розныя этапы перажывалі беларуска-расейскія дачыненні: пад’ёмы і падзенні, узлёты і пасадкі. Як вы ацэньваеце бягучы стан, дзе мы знаходзімся, у якой кропцы?

Мы, безумоўна, знаходзімся ў кропцы падзення, і цяпер вельмі вялікае пытанне, наколькі глыбока беларуска-расейскія адносіны ўпадуць. Трэба сказаць, што ў гэтым пытанні праблема не столькі ў пазіцыі афіцыйнага Менску, хаця там таксама ёсць свае пытанні адносна таго, наколькі Беларусь выконвае пагадненні з Расеяй, але праблема ў тым, што адбываецца ў галовах расейскага насельніцтва і расейскіх кіраўнікоў.

На жаль, шавінізм, фактычна імперыялізм настолькі зашкальвае, што яны ўжо гэтага не хаваюць.

Наколькі расейская палітыка ў дачыненні да Беларусі будзе рацыянальнай? Гэтага цяпер ніхто сказаць не можа. Але можна чакаць, што нейкія абвастрэнні, можа быць нават даволі працяглыя, будуць мець месца. Адзінае, што пэўным бар’ерам застаецца факт удзелу Беларусі ў інтэграцыйных аб’яднаннях вакол Расеі, а Расея зацікаўлена па іміджавых прычынах у захаванні гэтых аб’яднанняў. Таму спадзяемся, што гэты канфлікт не будзе надта глыбокім і надта працяглым, хаця ў кожным выпадку, палітычны давер згублены ўжо назаўсёды.

РР: Ці неяк уплывае на гэтую сітуацыю цяперашняе пацяпленне адносінаў паміж Беларуссю і краінамі захаду?

Я б не сказаў, што гэта ёсць прычынай бягучага стану беларуска-расейскіх дачыненнящ. Гэта хутчэй фон, а прычыны значна ранейшыя. Прычыны ў тым, што, па-першае, асабіста ў Аляксандра Лукашэнкі не склаліся адносіны з цэлым шэрагам расейскіх кіраўнікоў, якія яго па-просту аб’ектыўна не ўспрымаюць, і ён не ўспрымае іх. А ў такіх рэжымах асабістыя адносіны кіраўнікоў дзяржаваў і высокапастаўленых чыноўнікаў – гэта вельмі важна. Другі момант, пра які я ўжо сказаў, гэта тое, што Расея фактычна перайшла да імперыялістычнай палітыкі ў дачыненні да постсавецкіх краін. Безумоўна, нідзе на постсавецкай прасторы гэта не выклікае захаплення, у тым ліку ў Беларусі гэта не выклікае захаплення. Адпаведна Беларусь вельмі асцярожна адносіцца да апошніх крокаў Расеі не толькі ў адносінах да Украіны, але і да апошніх крокаў Расеі ў адносінах да Грузіі. То бок, нашая пазіцыя больш адсунутая ад Расеі, і, безумоўна, у Крамлі гэта ўспрымаецца вельмі балюча. Фактычна, гэта ўспрымаецца як здрада.

РР: Яшчэ пытанне Польшчы. Як вядома, Польшча цяпер плануе пашыраць прысутнасць войскаў НАТО на сваёй тэрыторыі, урад Польшчы шмат гаворыць пра ўласную нацыянальную бяспеку ў існай геапалітычнай сітуацыі. Ці гэта можа нейкім рэхам адбіцца таксама і на сітуацыі Беларусі?

— Ёсць тры моманты. Момант першы. У любым выпадку, тыя вайсковыя прыгатаванні і развіццё вайсковай інфраструктуры НАТО на ўсходнім флангу, якое зараз мае месца быць, яно не настолькі вялікае, каб ствараць увогуле нейкую пагрозу. Момант другі.

Афіцыйны Менск напружвае, што НАТО, і Польшча ў прыватнасці, гатовыя абмяркоўваць гэтае пытанне з Расеяй, але яны не дэманструюць гатоўнасці абмяркоўваць гэта з Беларуссю.

Але ж калі паглядзець на мапы, то гэтыя вайсковыя кантынгенты бліжэй не да Расеі, а да Беларусі. І ў Менску ёсць не тое, што разгубленасць, але пэўная крыўда на тое, чаму не размаўляюць з намі. А з Беларуссю ў НАТО не размаўляюць, таму што лічыцца, што беларускі вайсковы патэнцыял — гэта частка расейскага вайсковага патэнцыялу, і не мае сэнсу з афіцыйным Менскам гэта абмяркоўваць. Хаця на самой справе, гэта не зусім так, ці зусім не так. І трэці момант — гэта тое, якой будзе ўсё ж расейская рэакцыя. Сілы, якія размяшчаюцца (у Польшчы – рэд.), яны не могуць неяк паўплываць на баланс сілаў у рэгіёне. Расея захоўвае абсалютнае вайсковае дамінаванне, і колькаснае, і ў прынцыпе якаснае шмат па якіх параметрах. Зноў вяртаючыся да таго, што я сказаў, паколькі гэты шал шавінізму ён проста зашкальвае, то ёсць верагоднасць таго, што ў адказ на прасоўванне вайсковай інфраструктуры НАТО, Масква ўзмоцніць ціск на Беларусь. У тым плане, што вось давайце і мы нешта на гэта адкажам супольна, вось давайце размесцім расейскія вайсковыя базы ў Беларусі.

РР: Часта можна пачуць меркаванні пра небяспеку расейскай вайсковай агрэсіі ў дачыненні да Беларусі. Наколькі, як вы лічыце, можна сур’ёзна падыходзіць да гэтага пытання?

— На сённяшні дзень ніякіх прыкметаў таго, што такая пагроза рыхтуецца або плануецца, няма. Па-першае, тых сілаў, якія размешчаны на мяжы з Беларуссю, іх абсалютна недастаткова для любых маштабных наступальных аперацый.

РР: Былі паведамленні пра канцэнтрацыю расейскай вайсковай сілы непадалёк Гомеля…

— Там вельмі смешная канцэнтрацыя. Гэта можа напалохаць абывацеля, але гэта наўрад ці напалохае чалавека, які больш-менш разбіраецца ў гэтым. Я скажу адну рэч: любая вайна пачынаецца не з пушак і танкаў, яна пачынаецца з лагістыкі. То бок, калі нехта збіраецца наступаць і нападаць, то яму трэба складзіраваць побач з мяжой, або ў напрамку гэтага наступу, дадатковыя рэсурсы: боепрыпасы, тэхніку, паліва, харчаванне, нават пітную ваду. Нічога гэтага цяпер на захадзе Расеі не адбываецца. То бок, там размяшчаюцца новыя часткі, у гэтых частках ёсць некаторы запас матэрыяльных рэсурсаў, які дазваляе весці баявыя дзеянні, але іх хопіць максімум на тыдзень. Цяпер нельга сказаць, што на беларускім напрамку плануецца нейкая буйная наступальная аперацыя, ці ўвогуле наступальная аперацыі.

РР: Калі гаворым пра Беларусь у геапалітычным кантэксце, то хто нашы сябры на сённяшні дзень?

— Праблема беларускай сітуацыі ў тым, што і сяброў няма. Дзякуючы “мудрай” палітыцы нашых уладаў, мы пасварыліся з усімі суседзямі, а з некаторымі і па некалькі разоў, у тым ліку і з Расеяй. Так і не з’явілася нейкага палітычнага даверу паміж афіцыйным Кіевам і афіцыйным Менскам. Больш за тое, вось я быў нядаўна ў Кіеве, і скажу, што нават узмацняецца насцярожанасць да Беларусі і да непаслядоўнай пазіцыі беларускіх уладаў. Кажуць, што Кітай – сябра. Але ж Кітай далёка, і невядома, што ў яго там на розуме. Вось спрабуем зараз сябраваць з Эрдаганам, можа з гэтага нешта атрымаецца.

А так, безумоўна, Беларусь знаходзіцца ў сітуацыі стратэгічнай адзіноты, і калі ў нас пачнуцца буйныя праблемы, то разлічваць, у прынцыпе, мы можам толькі на саміх сябе.

РР: А ёсць шанцы пасябраваць з Дональдам Трампам? Пішуць у СМІ, што ягоныя ўнукі кожны год прыязджаюць у Беларусь…

— Я не ўпэўнены ўвогуле, што Дональд Трамп падазрае пра існаванне Беларусі, і наўрад ці ён зможа патлумачыць куды і дзеля чаго ягоныя ўнукі катаюцца. І па-другое, давайце ўсё ж рэальна падыходзіць да сітуацыі. Дональд Трамп — гэта бізнесовец, які цяпер стаў лідарам дзяржавы, і ён будзе рабіць тое, што адпавядае амерыканскім нацыянальным інтарэсам. Беларусь жа ў спісе амерыканскіх нацыянальных інтарэсаў добра калі ў першай сотні краін. Таму, на жаль, я не чакаю, што прыход новай адміністрацыі ў Вашынгтон неяк станоўча паўплывае на двухбаковыя адносіны. Дай бог, каб горш не было.

РР: Падводзячы вынік, можа сказаць, што Аляксандр Лукашэнка, як і заўсёды, знаходзіцца ў няпростай сітуацыі…

— Аляксандр Лукашэнка, як заўсёды ў няпростай сітуацыі, у якую ён сам сябе заўсёды заганяе. Вось за тое, дзе ён апынуўся, і мы разам з ім, трэба падзякаваць толькі Аляксандру Лукашэнку.

Цалкам гутарка з Андрэем Паротнікавым у далучаным гукавым файле:

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.