Суд зацягвае выдачу рашэння па прызнанні кніг Пазьняка экстрэмісцкімі



Адказны сакратар Управы Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі паведаміў, што дагэтуль не атрымаў рашэнне суду Маскоўскага раёна горада Берасця аб прызнанні кнігаў Зянона Пазьняка экстрэмісцкай літаратурай. Паседжанне адбылося ўжо больш за дваццаць дзён таму і хацелася б яго абскардзіць, зазначыў палітык:

– Усё тут зразумела, на працэсе мы даказалі, што гэтае экспертнае заключэнне нікчэмнае, што яно не мае ніякай юрыдычнай каштоўнасці і не можа быць прынята да разгляду ў судзе. Але ілюзій у нас ужо няма. Мы добра ведаем, што гэта за сістэма.

У Берасці нядаўна скончыліся шматмесячныя судовыя працэсы, якія мусілі вызначыць лёс літаратуры «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мемарыял», на якіх яна была ўсё ж прызнана экстрэмісцкай. Уласнікі кнігаў пачалі абскарджваць гэтыя рашэнні і заявілі пра тое, што працэсы маюць палітычны характар.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце