Святлана Калінкіна: Любыя крокі ў справе беларускіх палітвязняў важныя



Так шэф-рэдактар “Народнай волі” Святлана Калінкіна каментуе кампанію па вылучэнні кандадатам ў прэзідэнты палітвязня Мікалая Статкевіча. Яго ініцыятыўную групу не зарэгістравалі, а Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу Марыны Адамовіч на рашэнне Цэнтрвыбаркама.

„Але важней, – кажа Святлана Калінкіна, – што цяпер ніводны еўрапейскі палітык не дазволіць сабе перад выбарамі закрыць вочы на праблему палітвязняў у Беларусі”:

Ніхто, напэўна, не чакаў, што будзе зарэгістраваны Мікалай Статкевіч у якасці кандыдата ў прэзідэнты. Але любыя спробы прыцягнуць увагу да таго, што кандыдат яшчэ з мінулых выбараў застаецца за кратамі, я бы вітала. Калі бы на нейкіх этапах у некаторых еўрапейскіх палітыкаў была надзея закрыць вочы на праблемы палітычных зняволеных, зараз гэта не атрымаецца. І таму, на мой погляд, гэта ўжо добры вынік.

Палітзняволены Мікалай Статкевіч ў сваім апошнім лісце да жонкі Марыны Адамовіч падзякаваў усім, што ўвайшоў у ініцыятыўную групу па ягоным вылучэнні кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 11 кастрычніка ды не пабаяўся, як сам ён жартуе, падтрымаць „ворага дзяржавы №1″.

Пра гэта Мікалай Статкевіч напісаў жонцы ў сваім лісце з Магілёўскай турмы №4, дзе адбывае пакаранне.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя