Сяброў Руху „За свабоду” не ўключылі ў выбарчыя камісіі Берасця



Сябры Руху „За свабоду” звярнуліся ў суд і запатрабавалі адмяніць вынікі фармавання камісій, але Берасцейскі абласны суд вынес адмоўнае рашэнне.

Прадстаўнікі органаў улады ў сваю чаргу матывуюць рашэнне пра неўключэнне апазіцыянераў тым, што іх заяўка паступіла ў апошні працоўны дзень і не змяшчала нумара канкрэтнага кабінета ў абласным выканкаме, куды павінны былі трапіць пратаколы.

Юрыст Раман Кісляк патлумачыў, якім стала асноўнае патрабаванне заяўнікаў у судзе:

– Маё патрабаванне прызнаць дадзенае рашэнне ў частцы фармавання гэтых камісій Берасцейскай абласной і Берасцейскай заходняй №1 акруговай выбарчай камісіі неправамернымі, уціскаючымі правы членаў нашага праваабарончага аб’яднання Руху “За свабоду”. Мы патрабавалі адмяніць гэтыя рашэнні і паўторна зноў належным чынам сфармаваць дадзеныя выбарчыя камісіі. Фактычна фармаванне камісій на сумесным пасяджэнні Берасцейскага аблвыканкама і Берасцейскага абласнога савета дэпутатаў не адбывалася.

Берасцейскі абласны суд вынес адмоўную пастанову. Рашэнне адразу ўступіла ў сілу і яго нельга абскардзіць у беларускіх судах. Прадстаўнікі Руху „За свабоду” падрыхтавалі скаргу ў міжнародную інстанцыю.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце