Сямашка прыкрываў схему бязмытнага экспарту расейскай нафты



Журналісты Шведскага радыё апублікавалі ліст былога першага намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімера Сямашкі, у якім ён умешваецца ў следства Мытнай службы, каб прыкрыць схему бязмытнага вывазу расейскай нафты зь Беларусі ў 2007 годзе.

Як мы паведамлялі, шведскія журналісты выйшлі на былога агента беларускага КДБ Андрэя Моўчана, які распавёў ім пра следства ў справе вывазу расейскай нафты з Беларусі пад фальшывай маркіроўкай, каб пазбегчы выплаты мыта. Адным з дакументаў, паказаных Моўчанам, з’яўляецца ліст Сямашкі Аляксандру Лукашэнку, у якім намеснік кіраўніка беларускага ўраду ставіць пад сумнеў вынікі следства беларускіх мытнікаў і ўшчувае іх за тое, што пробы затрыманай партыі расейскай нафты яны перадалі для вывучэння ў расейскую лабараторыю.

Паводле шведскіх журналістаў, схема бязмытнага вывазу расейскіх нафтавых прадуктаў з Беларусі была наступнай: расейскі нафтапрадукт, гэтак званы «лёгкі дыстылят», які падлягаў абкладанню мытам, вывазная фірма маркіравала ў Беларусі кодам 3811 як «Эколон-370», то бок як бязмытны прадукт. «Эколон-370» у Эстоніі атрымліваў код 2710 і назву «расейскі неэтыляваны бэнзін» і як такі вывозіўся ў заходнюю Еўропу на продаж у Антвэрпэне.

Шведскія журналісты звяртаюць увагу, што ў сваім лісце Сямашка спасылаецца на заключэнне беларускай вайсковай лабараторыі, з якога нібыта вынікае, што затрыманы мытнікамі нафтапрадукт не падлягаў абкладанню мытам. Са свайго боку журналісты сцвярджаюць, што бачылі дакумент, з якога вынікае, што і згаданая беларуская вайсковая лабараторыя пацвердзіла падазрэнні мытнікаў наконт кантрабанды расейскіх нафтапрадуктаў.

Радыё Свабода