Сяргей Балыкін: Дзяржава павінна зысці з эканомікі



Аляксандар Лукашэнка заявіў, што “наперадзе нас чакаюць сур’ёзныя выпрабаванні”, дадаў, што “адкрываецца новая старонка ў развіцці нашай дзяржавы і мы разам павінны адкрыць гэтую старонку шчыра, прынцыпова, адказна”. Пракаментаваць выказванні кіраўніка дзяржавы Беларускае Радыё Рацыя папрасіла эканамічнага эксперта Сяргея Балыкіна.

РР: Што, на Ваш погляд, прымусіла Лукашэнку нарэшце заявіць пра тое, што адкрываецца новая стронка эканамічнага развіцця?

Сяргей Балыкін: Нагадаю, што Лукашэнка не першы раз гаворыць пра гэта. Ёсць такая пагаворка: калі не ведаеш што рабіць, пачынай перабудову. Вось Лукашэнка не ведае, што рабіць, таму імкнецца нешта рэарганізаваць, перабудаваць. І я згодны з ім толькі ў адным – нас чакаюць вельмі цяжкія часы, у эканоміцы ўсё будзе вельмі кепска. Таму Лукашэнка і пачаў сваю размову пра перабудову, а насамрэч усё застанецца як раней, а магчыма нават будзе горш.

РР: Што трэба перабудаваць, каб беларуская эканоміка сапраўды стала працаваць?

Сяргей Балыкін: Нічога не трэба перабудоўваць. Трэба, каб дзяржава перастала нешта будаваць, а пасля перабудоўваць, кіраваць усімі прадпрыемствамі, кіраваць прадпрымальнікамі, указваць людзям што рабіць. Дзяржава павінна зысці з эканомікі і астацца толькі там, дзе яна неабходна. Яна павінна кіраваць макраэканомікай, яна павінна кіраваць грашовай масай і даваць нейкія агульныя арыенціры і, магчыма, кіраваць нейкімі буйнымі прадпрыемствамі. Але ж не павінна быць ручнога кіравання коштамі, кіравання самымі маленькімі прадпрыемствамі і так далей. Таму што наша дзяржава па сутнасці сацыялістычная. Трэба проста стаць дзяржавай капіталістычнай.

РР: Успомнім, напрыклад, што Лукашэнка літаральна сам прадаваў халадзільнікі “Атлант”. Ці зможа “Атлант” сам іх прадаваць?

Сяргей Балыкін: Па-першае, “Атлант” і з Лукашэнкам не вельмі паспяхова прадае. Таксама як і МАЗ не вельмі паспяхова прадае сваю прадукцыю. Бо Лукашэнка вельмі кепскі каміваяжор і гандляр. Ён – дэмагог, а дэмагог заўсёды кепска прадае. А па-другое, не ад Лукашэнкі ж залежыць настрой пакупнікоў. А пакупнікі не жадаюць браць нашу прадукцыю, таму што яна вельмі дарагая і не вельмі якасная. Мы мелі фактычна адзін велізарны рынак – Расею. Але зараз ён губляецца.

РР: Еўразвяз заявіў пра тое, што будзе здымаць з Лукашэнкі санкцыі. Рашэнне прынятае, юрыдычна ў канцы кастрычніка яно набудзе моц. Ці дапаможа гэта беларускай эканоміцы?

Сяргей Балыкін: Санкцыі былі ўведзены да Лукашэнкі і ягонага атачэння. Ну, зараз ён ці Ярмошына змогуць з’ездзіць у Парыж. Але гэта не дапаможа нашай эканоміцы. А санкцый да беларускіх прадпрыемстваў амаль што не было. Таму эканамічнага надвор’я істотна гэта не палепшаць.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gs.by