Сяргей Гайдукевіч прапаноўвае апазіцыянерам пасады ў сваім „урадзе”



Пасады ва ўрадзе за падтрымку на прэзідэнцкіх выбарах. З такой прапановай выступіў лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі, прэтэндэнт да прэзідэнцкага крэсла на выбарах 2015 году – Сяргей Гайдукевіч. Віталю Рымашэўскаму ёсць прапанова пасаду  начальніка ўпраўлення Міністэрства спорту і турызму. Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя называе гэту прапанову “запозненым першакрасавіцкім жартам”:

– Я стаўлюся да прапановы Сяргея Гайдукевіча, як да жарту. Па-першае, ніхто нават не размаўляў, не звяртаўся да партыі Сяргея Гайдукевіча, да аргкамітэту, да мяне персанальна і г.д. Апроч таго, у прынцыпе я бы не стаў надзяляць занадта шмат увагі. Хоць нейкім учынкам партыя мусіць сцвердзіць, што гэта ёсць сапраўды апазіцыйная партыя, што не з’яўляецца жартам ні само вылучэнне Гайдукевіча, ці дэклараванае вылучэнне, і астатнія рэчы, якія сыходзяць з іх партыі.

Прэс-служба ЛДПБ адзначае, што Сяргей Гайдукевіч вырашыў пайсці на такі крок „з улікам сітуацыі, якая склалася ў апазіцыі і немагчымасцю высунуць адзінага кандыдата ў прэзідэнты”. Сяргей Гайдукевіч за падтрымку на выбарах прапануе між іншым пасаду віцэ-прэм’ера Аляксандру Мілінкевічу, а намесніка міністра культуры – Уладзіміру Някляеву.

* * *

Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч прапануе пасады ва ўрадзе для апазіцыі, калі атрымае іх падтрымку на выбарах. Самая высокая пасада для апазіцыі – віцэ-прэм’ера – магла б трапіць лідару Руху „За свабоду”. „Наўрад ці нехта з дэмакратычнай апазіцыі падтрымае Гайдукевіча,” – кажа Аляксандр Мілінкевіч:

– Каб аб’яднацца, трэба мець як мінімум блізкую ідэалогію. Але бывае, што аб’ядноўваюцца і з рознымі. Але ўжо мэту абсалютна трэба мець супольную. Я думаю, што ў спадара Гайдукевіча вельмі розніцца пазіцыя. Хаця, самае галоўнае для нас, – геапалітычныя адносіны да Расеі. У нас фактычна ўсе за тое, каб паступова інтэгравацца ў Еўразвяз, захоўваючы эканамічныя адносіны з Расеяй. Гайдукевіч спрабуе быць для Расеі лепшым, чым сам Лукашэнка.

Сяргей Гайдукевіч у чарговы раз заявіў пра свой намер паўдзельнічаць у бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах. У выпадку, калі яго кандыдатуру падтрымаюць апазіцыянеры, Гайдукевіч гатовы запрасіць іх „ва ўрад”.

Прэс-служба ЛДПБ адзначае, што Сяргей Гайдукевіч вырашыў пайсці на такі крок „з улікам сітуацыі, якая склалася ў апазіцыі і немагчымасцю высунуць адзінага кандыдата ў прэзідэнты”.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота news.tut.by