Сяргей Навумчык прыляцеў у Менск



Самалётам з Прагі (Чэхія) у Менск 24 траўня прыляцеў намеснік старшыні Рады БНР, член Беларускага ПЭН-цэнтра Сяргей Навумчык. Ён правёў у палітычнай эміграцыі 20 гадоў.

navumchyk_siarhiej2-4o32o

Сяргею Навумчыку 55 гадоў. У 1990—96-м гадах ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі, каардынатарам парламенцкай апазіцыі БНФ, уваходзіў у склад Канстытуцыйнай камісіі і парламенцкай камісіі па пытаннях СМІ і правах чалавека. У красавіку 1995 года ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў апазіцыі БНФ, якая праводзілася ў зале пасяджэнняў Вярхоўнага Савета ў знак пратэсту супраць ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндуму аб змене дзяржаўнай сімволікі і статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. У ноч на 12 красавіка 1995 года ўдзельнікі галадоўкі былі збітыя спецпадраздзяленнем КДБ і выкінутыя на вуліцу.

У канцы красавіка 1996 года Сяргей Навумчык разам з лідарам БНФ Зянонам Пазьняком таемна выехаў з Беларусі ва Украіну, а потым эміграваў у ЗША. Незалежная газета „Свабода” ў маі 1996 года паведаміла пра распараджэнне камандуючага пагранічнымі войскамі Беларусі затрымаць іх у выпадку ўезду на тэрыторыю краіны. У жніўні 1996 года Навумчык і Пазьняк атрымалі палітычны прытулак у Злучаных Штатах.

Навумчык правядзе ў Беларусі некалькі дзён, пасля чаго вернецца ў Прагу, дзе жыве і працуе ў беларускай службе „Радыё Свабода”.

Раней, у верасні 2015 года, у Беларусь з палітычнай эміграцыі вярнуліся экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч і лідар зарэгістраванага ў Чэхіі руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык.

БелаПАН

Фота: svaboda.org