Сяржук Русецкі: Як і раней, дзейнічае адміністрацыйны рэсурс



Прэтэндэнт у кандыдаты, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў спрасціў працу Бярозаўскай акруговай камісіі №9. Нягледзячы на ладжаныя ў Бярозе шматлікія пікеты і збор подпісаў па кватэрах, ён здаў менш тысячы подпісаў. І яны, згодна з выбарчым заканадаўствам, правярацца не будуць. У той час праўладны кандыдат Леанід Качына прадставіў больш за пяць з паловай тысячы подпісаў. Хаця ягоныя пікеты ладзіліся ўсяго двойчы і паходаў па кватэрах таксама не было відаць.

Паводле  назіральніка ад Беларускага Хельсінскага камітэта Сержука Русецкага,  нічога дзіўнага тут няма – гэта звычайнае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурса:

– Былі паведмленні, што збіралі подпісы і сярод работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, і дзяржстраху, а таксама ў Пружанскім райвыканкаме. Але дакументальных пацверджанняў гэтага не маецца. Наўрад ці чалавек, які працуе на прадпрыемстве або ў дзяржаўнай установе захоча пацвярджаць такія звесткі, паколькі ва ўмовах кантрактнай сістэмы чалавек проста не захоча страціць на роўным месцы працу.

У праверцы подпісаў незалежным назіральнікам было адмоўлена. Паколькі гэта рабочая працэдура, а назіральнікі маюць права толькі на пасяджэнні камісіі.

Беларускае Радыё Рацыя