V устаноўчы з’езд Партыі БХД у Менску



З’езд сябраў БХД з удзелам дыпламатаў, сем’яў беларускіх палітвязняў, палітыкаў іншых палітычных партый, грамадскіх арганізацый ды рухаў падыходзіць да завяршэння.

Перадае наш карэспандэнт Віталь Сямашка:

– Сустаршынямі партыі ізноў абраныя Георгій Дзмітрук, Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі. Прыняты за аснову праект праграмы БХД, які распрацоўвася тры гады. Прынятая за аснову пастанова з’езда БХД, галоўны пункт якой – ва ўмовах адсутнасці справядлівых і дэмакратычных выбараў і раз’яднанасці апазіцыі, БХД прымае рашэнне не вылучаць уласнага кандыдата і не падтрымліваць ніводнага з кандыдатаў на выбарах-2015. Прынятае рашэнне гуртавання партыйцаў у аброну незалежнасці Беларусі, працягнецца кампанія за якасную і даступную медыцыну. Таксама БХД прыме ўдзел у назіранні за выбарамі.

У гэтыя хвіліны з’езд БХД завяршае сваю працу.

IMG_0421

* * *

У беларускай сталіцы працягвае сваю працу з’езд сябраў БХД. Хрысціянскія дэмакраты абіраюць новае кіраўніцтва, вырашаюць пытанні ўдзелу альбо няўдзелу ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, а таксама спрабуюць зарэгістравацца. На зездзе прысутнічае наш карэспандэнт Віталь Сямашка:

– На з’ездзе прысутнічае 211 дэлегатаў, прысутнічаюць амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл, Швецыі Марцін Обэрг, павераны ў справах ЗША Скот Роланд. Прысутнічае кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька. Дарэчы, уся зала прывітала сваякоў і жонак палітвязняў: блізкіх Юрыя Рубцова, Марыну Адамовіч – жонку Мікалая Статкевіча, бабулю Яўгена Васьковіча. Мноства прывітанняў прыйшло ад еўрапейскіх хрысціянскіх партый. І асноўнай найбуйнейшай Еўрапейскай народнай партыі. Нагадаю, сябрамі яе фактычна з’яўляюцца Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель і экс-прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі.

zIMG_0406

Павел Севярынец.

IMG_0407

Георгій Дзмітрук.

IMG_0408

Дзяніс Садоўскі.

zzIMG_0410

Таццяна Севярынец.

Зараз пачынаецца агульнапалітычная дыскусія.

* * *

У Менску пачаўся V устаноўчы з’езд Партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя». На ім плануецца зацвердзіць яе абноўленую і пашыраную праграму.

Пра гэта паведамляе наш карэспандэнт Віталь Сямашка:

– З’езд прыме рашэнне пра рэгістрацыю партыі – гэта ўжо будзе 5 спроба зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі. Зацвердзіць абноўленую і пашыраную праграму, дэлегаты з’езду абяруць кіраўніцтва партыі і абмяркуюць прэзідэнцкую кампанію 2015 года. Адсюль і самае вострае абмеркаванне, бо калі кіраўніцтва партыі фактычна заклікае да байкоту ці няўдзелу ў выбарах, бо замест збору подпісаў за кандыдыта, сябры БХД збіраюць подпісы за вызваленне Мікалая Статкевіча і рэфармаванне сістэмы аховы здароўя ў Беларусі. Аднак сярод дэлегатаў з’езду ёсць шмат людзей, якія выступаюць за актыўны ўдзел у выбарах са сваім кандыдатам, або ў падтрымку аднаго з апазіцыйных. Таму дыскусія абяцае быць вострай.

Праца з’езду БХД пачалася гімнам “Магутны Божа”.

IMG_0400

Беларускае Радыё Рацыя, Менск, Палац культуры МТЗ

Фота Віталя Сямашкі

* * *

Сёння ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода адбудзецца ўстаноўчы з’езд  Партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Сярод іншых пытанняў, з’езд абярэ кіраўніцтва Партыі. Дагэтуль аргкамітэт БХД узначальвалі тры сустаршыні: Георгій Дзмітрук, Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі.

Павел Севярынец лічыць, што такое калектыўнае кіраўніцтва Партыяй трэба захаваць:

– Нашая прапанова – пакінуць тры сустаршыні , а як будзе далей, вырашыць з’езд.

На з’ездзе плануецца таксама прыняць рашэнне пра рэгістрацыю партыі, прыняць яе абноўленую і пашыраную праграму і абмеркаваць палітычныя кампаніі 2015 года.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя