Таццяна Караткевіч дае новы старт



У офісе грамадзянскага аб’яднання “Гавары праўду” адбылася прэс-канферэнцыя лідара кампаніі Таццяны Караткевіч. У ёй браў удзел і экс-кіраўнік выбарчага штабу і каардынатар назірання на выбарах Сяргей Вазняк. Яны прэзентавалі стратэгію мірных перамен у кантэксце новай паслявыбарчай сітуацыі. А таксама Таццяна Караткевіч агучыла прапановы кампаніі новаму складу Палаты прадстаўнікоў.

img_1328

Перш чым патлумачыць сэнс прапаноў да парламента, Таццяна Караткевіч распавяла пра ўрокі ад апошняй выбарчай кампаніі.

КАРАТКЕВІЧ: Адзін вынік нязменны – была ўмоўная лібералізацыя на этапе вылучэння і агітацыі, але канчатковыя вынікі ўлада татальна кантралюе. Але пабачылі і новы трэнд на развіццё палітычнай канкурэнцыі і пашырэнне паўнамоцтваў парламента. Для нас гэта нагода надалей дзейнічаць. Мы прапануем дэпутатам новага склікання засвоіць даўно прынятую ў свеце справу, як парламенцкія слуханні. Вось першыя пяць тэм. Найперш пра адукацыю і медыцыну – як зрабіць, каб у нашых дзяржаўных установах іх паслугі былі бесплатнымі, як спыніць камерцыяналізацыю у гэтых сферах. Далей. Дзяржава пазіцыянуе сабе як сацыяльная, але на практыцы гэтыя ільготы не працуюць, выклікаючы сардэчныя прыступы ў пажылых людзей ад наведвання адпаведных устаноў. А таксама трэба дыскутаваць пра атамную энергетыку і як трэба будаваць АЭС у Астраўцы. І пра мараторый на смяротнае пакаранне. Будзем кантактаваць з дэпутатамі, каб прасоўваць нашы ініцыятывы.

РР: Спадарыня Таццяна, Ваша і Андрэя Дзмітрыева не выбранне ў склад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, бадай, паставіла крыж на досыць надакучлівых тэзах пра “шчыльнае супрацоўніцтва і тайныя вячэры лідараў “Гавары праўду” з уладамі” і – не дай божа – “з самым КДБ”. Але калі ўсур’ёз пра будучыню вашай канцэпцыі “мірных перамен”. Што зробіце ў сітуацыі, калі будзе магчымае татальнае непрыняцце ўладамі вашых ідэй і прапаноў? Гэта па-першае. І ў звяз з гэтым, ці магчымая кансалідацыя на новай аснове УСІХ дэмакратычных апазіцыйных сіл у поствыбарчай сітуацыі, у якой жывём?  

КАРАТКЕВІЧ: Калі казаць пра “Гавары праўду”, мы не мяняем сваёй стратэгіі і тактыкі. Застаёмся адкрытымі  для ўзаемадзеяння, кааперацыі з усімі ў кірунках, дзе супадаюць інтарэсы. Так падтрымалі “зялёных” у патрабаваннях публічных слуханняў, рэвізіі і, увогуле, як будаваць АЭС у Астраўцы. Тую ж АГП, каб стварыць рабочую групу для выпрацоўкі змяненняў у выбарчы кодэкс. Ініцыятыву “Маладога фронту” у зборы подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нацыянальна-культурнай каштоўнасці. Будзем і працягваць узаемадзейнічаць. І намагацца, каб палітычная канкурэнцыя развівалася ў краіне за галасы выбаршчыкаў, а не за тое каму перадаць “вымпел агентаў КДБ”. Лічу, у будучым яднанне можа адбыцца вельмі проста – калі за ўсімі нашымі ініцыятывамі паўстане рэальная падтрымка грамадства.

ВАЗНЯК:  Мы перакананыя, што ўлада вымушаная будзе пайсці  ў пэўнай частцы на рэалізацыю нашых прапаноў, на рэформы.  І два месцы, на якія яна вымушаная была пасунуцца ў парламенце – не ад раптам узніклага дэмакратызму. Але пад ціскам таго ж эканамічнага крызісу і Захаду, з якім трэба наладжваць кантакты, каб з яго выйсці. Пойдуць і на мяккую беларусізацыю і асцярожную эканамічную лібералізацыю…

РР: Сп. Таццяна, а ці думаеце балатавацца на будучых прэзідэнцкіх выбарах?

КАРАТКЕВІЧ: Будзем працягаць тактыку актыўнага ўдзелу. 2020 год будзе незвычайны тым, што, бадай, будуць сумешчаныя прэзідэнцкая і парламенцкія кампаніі. Дакладна – я буду кандыдатам. (смяецца ) Час пакажа…

Прапановы кампаніі “Гавары праўду” новаму складу Палаты прадстаўнікоў будуць бліжэйшым часам перададзеныя ва ўстаноўленым парадку.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара