Таццяна Караткевіч: На плошчу не клічу па дзвюх прычынах



Кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч прагаласавала на выбарчым участку № 8, які месціцца ў Менскім каледжы мастацтваў.

Пасля таго, як спадарыня Караткевіч кінула свой бюлетэнь у скрыню, яна адказала на пытанні журналістаў.

Вы будзеце заклікаць прыхільнікаў выйсці на плошчу?

Я сваіх выбарцаў не буду клікаць на плошчу па дзвюх прычынах. Па-першае, я сёння не магу гарантаваць бяспеку людзям, хоць, як дэмакрат, лічу, што мы маем права на мірны пратэст. Але рэакцыя ўладаў можа быць неадэкватнай. Па-другое, не хацелася б, каб тыя людзі, якія прагаласавалі за мірныя перамены, патрапілі пад правакцыі іншых палітычных сілаў.

– Што вы сёння будзеце рабіць?

Пасля галасавання падтрымаю сына, які сёння гуляе ў піянербол за школу. А затым буду актыўна праводзіць час у горадзе: схаджу на выставу, будуць сустрэчы з маёй камандай і назіральнікамі.

– Можаце назваць канкрэтныя лічбы, якія разлічваеце атрымаць у выніку?

Мне складана сказаць пра лічбы. Думаю, за мірныя перамены прагаласуе шмат людзей, а што будзе ў пратаколах – убачым пазней.

– Як вы ставіцеся да таго, што амаль 40 адсоткаў выбарцаў прагаласавалі датэрмінова?

– Відавочна, што гэта страх перад другім турам. Сістэма зрабіла ўсё, каб скарэктаваць датэрміновае галасаванне і ў іх нават атрымаўся рэкорд.

– Калі Лукашэнка выйграе ў першым туры, вы павіншуеце яго?

– Не. З гэтымі пытаннямі звяртайцеся да Уладзіміра Пракопавіча, ён ведае, як віншаваць…

– Ці рады вы, што выбары заканчваюцца?

Мне падабалася тое, што я рабіла. Таму, паўтаруся, у нас ёсць сілы працягваць працу на палітычным полі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара