Таццяна Караткевіч рыхтуецца да парламенцкай кампаніі



Кандыдатка ў прэзідэнты на выбарах 2015 года Таццяна Караткевіч распавяла пра планы правесці агульнанацыянальны форум.

Таццяна Караткевіч яшчэ да свайго вылучэння кандыдатам у прэзідэнты заяўляла, што прэзідэнцкая кампанія – усяго толькі першы этап стратэгіі «За мірныя перамены». Наступны этап – парламенцкія выбары-2016. У наступным годзе, па словах былой кандыдаткі, плануецца правесці анульнанацыянальны форум, якія аб’яднаў бы прыхільнікаў мірных пераменаў.

Таццяна Караткевіч: Думаю, форум будзе прадстаўнічым мерапрыемствам, якое дасць магчымасць зацвердзіць агульныя тэзы праграмы кандыдатаў стратэгіі “За мірныя перамены”.

РР: Мерапрыемства пройдзе напачатку наступнага года?

Таццяна Караткевіч: Пакуль дакладна невядома, але ўжо цяпер мы распачалі набор валанцёраў. Зараз шмат людзей звяртаюцца, хочуць дапамагчы, хочуць самі працаваць у штабе. На сайце з’явілася старонка, дзе мы запрашаем людзей далучацца.

РР: Хто з апазіцыйных структураў будзе ўдзельнічаць у форуме?

Таццяна Караткевіч: Час пакажа. Думаю, усе тыя, хто падтрымлівае нашу праграму, могуць далучацца. Мы адкрытыя для ўсіх. Наколькі я разумею, не ўсе партыі яшчэ наогул вызначыліся са сваёй стратэгіяй у дачыненні да парламенцкіх выбараў. Але мы ўжо вызначыліся – удзельнічаць трэба на ўсіх этапах і не здымацца з кампаніі. Трэба заваяваць давер грамадзянаў, якія пачалі цікавіцца палітыкай. А далей усё будзе залежыць ад таго, наколькі мы будзем адкрытымі.

РР: А яшчэ, напэўна, будзе залежыць ад таго, як у выніку падлічаць галасы і ўвогуле, наколькі празрыстымі будуць выбары…

Таццяна Караткевіч: Пра гэта мы ўжо казалі шмат разоў. Нягледзячы на тое, што многія адзначаюць, што прэзідэнцкая кампанія Таццяны Караткевіч была паспяховая, мы не набралі крытычную большасць галасоў, за што і змагаліся. Калі гэта здарыцца, калі сярод дэмакратычна скіраваных людзей будзе такая ж актыўнасць па працы з насельніцтвам, то нас будзе большасць. І мы зможам паўплываць на сітуацыю так, каб галасы лічылі празрыста. У гэтай парламенцкай кампаніі мы будзем настойваць на тым, каб прадстаўнікі ўсіх дэмакратычных кандыдатаў мелі магчымасць быць прадстаўленымі ва ўчастковых камісіях. Гэта павінна быць не рэкамендацыяй, а правілам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя