Таццяна Караткевіч у Лядах



Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Таццяна Караткевіч наведала вёску Ляды Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Візіт можна ўпісаць у гісторыю – як першы прыезд у Ляды кандыдата ў прэзідэнты краіны. Увогуле, варта адзначыць, што Дубровеншчына лічыцца глухім раёнам для палітычнай барацьбы. Сюды гады ў рады дабіраюцца высокія чыноўнікі, здаецца, што час тут спыніўся. А што да палітыкі, дык многае паказвае той факт, што ў Дубровенскім раёне няма ніводнага (!) мясцовага прадстаўніцтва апазіцыйных партый і рухаў. Прыезд сюды, на самую цяперашнюю мяжу з Расеяй, кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч не выклікаў вялікага ажыятажу. У Дуброўне на гутарку з Караткевіч прыйшлі пара дзясяткаў пенсіянераў, а ў Лядах да самой кандыдаткі падышлі літаральна некалькі чалавек. Яшчэ некаторыя атрымалі ўлёткі з перадвыбарнай праграмай ад давераных асоб Караткевіч.

І тым не менш, сярод наведвальнікаў пікету знайшліся цікавыя асобы. Мужчына на возе кляў дзейную ўладу і з вясковай непасрэднасцю скардзіўся на жыццё. Таксама да Караткевіч падышоў малады спадар, які працуе ў мясцовым калгасе „Прыдняпроўскі” па размеркаванні. Умовы для працы яму стварылі неблагія, эканаміст мае кабінет, інтэрнэт і ў цэлым пэўны камфорт на працоўным месцы. Неўзабаве ажэніцца і думае, куды прывезці нявесту. А да кандыдата ў прэзідэнты маладзён падышоў, каб спытаць пра перспектывы, якіх ён не бачыць пры цяперашнім кіраўніцтве краіны. Нездарма размова на пікеце пераважна ішла пра будучыню беларускай вёскі. Вяскоўцы наракаюць на адсутнасць працы, Лядоў гэта датычыцца ў першую чаргу – з 492 жыхароў вёскі пастаянна пражывае ў ёй прыкладна палова, пераважна пенсіянеры. Астатнія вымушаныя падпрацоўваць у суседняй Расеі, на мяжы з якой цяпер і стаяць Ляды.

Таксама Таццяна Караткевіч завітала на выбарчы ўчастак, які знаходзіцца ў школе. Караткевіч пагутарыла з чальцамі выбарчай камісіі і назіральнікамі, а таксама пажадала ўсім удачы. Школа ў Лядах — беларуская, усё навучанне вядзецца менавіта на роднай мове, кабінеты таксама аформленыя родным словам. А вось дзеці на ўваходзе пераважна вітаюцца па-расейску: „Здравствуйте!” Але стаўленне да беларускай мовы цалкам пазітыўнае.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя