Таццяна Караткевіч: Улада не прыслухоўваецца да патрэбаў людзей



Магчымая кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Таццяна Караткевіч у рамках свайго візіту па Гарадзеншчыне наведала Бярозаўку ў Лідскім раёне. Палітык прайшлася па вуліцах і паразмаўляла з працоўнымі шклозавода “Нёман” і жыхарамі горада. Варта зазначыць, што бяразаўчане актыўна ішлі на кантакт і выказваліся наконт праблем з экалогіяй, нізкімі заробкамі, працаўладкаваннем і абыякавым стаўленнем да існуючых праблем з боку мясцовага кіраўніцтва, зазначае Таццяна Караткевіч:

– Шмат праблемаў я пачула сёння ад жыхароў Бярозаўкі, у тым ліку і ад тых, хто працуе на шклозаводзе “Нёман”. Перадусім пра цэх, які вырабляе шкловату, які вельмі шкодны, і сёння кожнага, каго я сустракала, казаў пра гэта. І самае галоўнае, што ўлада непаважліва аднеслася да меркавання жыхароў і ініцыятывы змяніць гэтую сітуацыю. Гэта гаворыць пра тое, што ўлады сёння не думаюць пра будучыню. Дырэктары арыентуюцца толькі на загады зверху, а меркаванні, патрэбы, інтарэсы людзей ігнаруюцца.

Такім чынам верагодная кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч пазнаёмілася з горадам над Нёманам, яго жыхарамі і тымі праблемамі, якія варта тут вырашаць. Напрыканцы сустрэчы палітык выказала жаданне яшчэ раз наведаць Бярозаўку, але ўжо ў рамках перадвыбарчых мерапрыемстваў.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя