Таццяна Равяка: Так распраўляюцца са свабодай слова



Я ведаю Паўла Шарамета як вельмі яркую асобу і, несумненна, вельмі яркага журналіста, – сказала Таццяна Равяка. Дзе б ён не працаваў у апошнія гады – у Расеі ці ва Ўкраіне, ён ніколі не пакідаў па-за ўвагай падзеі ў Беларусі. Усё, што тут адбывалася, ён асэнсоўваў, выказваў свае меркаванні па ўсіх праблемах.

FPVKDFTXlBcWNn3NDwEYRg

Забойства Паўла Шарамета Таццяна Равяка звязвае з ягонай журналісцкай дзейнасцю:

– Калі забіваюць журналістаў, то забіваюць таму, што яны – журналісты. Таму што яны гавораць пра тое, што не хацелася б, каб выходзіла ў публічную прастору. І калі гэта робіць такая яркая асоба, голас якой заўсёды мае значэнне, то, зразумела, што гэтыя праблемы становяцца ў цэнтры ўвагі, як у цэнтры ўвагі знаходзіцца і гэты чалавек, які выказвае тыя ці іншыя меркаванні.

Так было і з Паўлам Шараметам. Ягонае жыццё, ягоны лёс – гэта прыклад таго, як могуць расправіцца са свабодай слова, але таксама і прыклад супрацьстаяння прэсы ўладзе, свабоды – несвабодзе, праўды – няпраўдзе, – сказала Таццяна Равяка.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Сяргей Чусаўкоў / AP / Scanpix / LETA