Тэледэбаты з парушэннем выбарчага заканадаўства



Дэбаты па Кальварыйскай выбарчай акрузе Менска, запісаныя з удзелам кандыдата з іншай акругі Юрыя Кругліка, усё ж такі выйшлі ў эфір, – паведамляе сайт Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Як адзначае лідарка Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марыны Хоміч, зроблена гэта, нягледзячы на дапушчанае парушэнне выбарчага заканадаўства і насуперак патрабаванню прамоўцы БХД перазапісаць дэбаты:

– Ад майго апанента – кандыдата Наталлі Цітовай з’явіўся спадар Круглік у якасці даверанай асобы. Але, як высветлілася, сам Круглік з’яўляецца кандыдатам па іншай акрузе. І ўлічваючы выбарчае заканадаўства, ён не меў права быць зарэгістраваным у якасці даверанай асобы. Пасля гэтага мы накіравалі скаргі ў гарадскую камісію, Менгарвыканкам. Нам патэлефанаваў прадстаўнік з Белтэлерадыёкампаніі і сказаў, што ў ЦВК далі дабро, і можна не перазапісваць.

Пры гэтым на відэа дэбатаў бачна, што вядучы не дазволіў лідарцы МХД выкарыстаць увесь час, спыніўшы яе на словах “вернем сабе наша канстытуцыйнае права абіраць сабе ўладу”. У выніку ў Марыны Хоміч засталіся нявыкарыстанымі 37 секунд эфірнага часу.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bchd.info