Тэрарысты „Ісламскай дзяржавы” знішчылі Трыумфальную арку ў Пальміры



Тэрарысты „Ісламскай дзяржавы” ўзарвалі антычную Трыумфальную арку эпохі Старажытнага Рыма ў Пальміры ў цэнтры Сірыі.

Ёй было больш за 1800 гадоў. Ісламісты планамерна знішчаюць помнікі даўніны, якія яны лічаць сімваламі паганства. Спецыялісты называюць гэта трагедыяй для ўсяго чалавецтва, паведамляе ВВС.

Трыумфальная арка

Тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» цалкам захапіла сірыйскі горад Пальміра 21 траўня. Паводле розных звестак, забіта ад 200 да 400 чалавек. Праваабаронцы паведамляюць, што каля 600 чалавек ўзятыя ў закладнікі.

Пальміра – помнік Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, у горадзе размешчаны помнікі архітэктуры першага і другога стагоддзя нашай эры: больш за тысячу калон, рымскі акведук, больш за 500 магільняў. Да пачатку канфлікту ў Сірыі Пальміру штогод наведвалі больш за 150 тысяч турыстаў.