Трох беларусаў не пусцілі ў Адэсу



Супрацоўнікі Дзяржаўнай памежнай службы Украіны супольна са Службаю бяспекі і Нацыянальнай паліцыяй затрымалі трох грамадзян Беларусі, чатырох — Кіргізстану і аднаго расейца, якія ехалі ў Адэсу нібыта для ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах.

«У выніку комплекснай праверкі праваахоўнікі ўстанавілі, што асобы прыбылі на запрашэньне грамадзкай арганізацыі, якая, верагодна, прыцягвала баевікоў на «Кулікова поле», якія таксама ўдзельнічалі ў спробах сілавога захопу будынкаў дзяржаўных органаў улады», — паведамілі Радыё Свабода ў адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы Украіны.

Памежнікі ўдакладнілі, што грамадзяне Беларусі ды Кіргізстану прыляцелі рэйсам «Менск-Адэса». «Усіх асобаў, якія не змаглі выразна назваць мэты свайго знаходжання на тэрыторыі Украіны, праз мяжу не прапусцілі і вярнулі зваротнымі рэйсамі», — удакладнілі памежнікі.

Ва Украіне на ўсіх участках мяжы трываюць узмоцненыя захады для супрацьдзеяння магчымаму прыезду асоб для ўдзелу «ў дзеяннях дэстабілізацыйнага характару напярэдадні гадавіны трагедыі ў Адэсе».

Заўтра ў Адэсе плянуецца шэраг захадаў, прымеркаваных да трэцяй гадавіны трагедыі, у часе якой пацярпелі каля 200 і загінулі 48 чалавек. Для аховы парадку ў горад сцягнутыя больш за 2 тысячы праваахоўнікаў, а рух транспарту будзе абмежаваны.

2 траўня 2014 года ў Адэсе адбыліся сутыкненні паміж прарасейскімі і праўкраінскімі актывістамі. Супрацьстаянне пачалося ў цэнтры горада, а потым перамясцілася на Кулікова поле, дзе знаходзіўся лягер прарасейскі настроеных грамадзян. Менавіта там, на Куліковым полі, было больш ахвяр, у прыватнасьці, з-за падпалу Дома прафсаюзаў, у якім яны хаваліся. Следства выявіла, што масавыя беспарадкі ў Адэсе былі арганізаваныя і спэцыяльна сплянаваныя ў межах «расейскай вясны».

Радыё Свабода