Ці адаб’ецца Brexit на брытанска-беларускіх адносінах?



Брытанскую эканоміку можа чакаць рэцэсія. Такі прагноз па выніках Brexit даюць міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы. Пасля рашэння выйсці з Еўразвязу рэйтынгавыя агенцтвы змянілі прагноз развіцця брытанскай эканомікі на негатыўны. Эканамічныя праблемы наўрад ці паўплываюць на эканамічныя ўзаемадачыненні Беларусі і Вялікабрытаніі, якая летась была другім пасля Расеі гандлёвым партнёрам Менска – мяркуе дырэктар цэнтра Астрагорскага Яраслаў Крывой:

— Беларусь не ўваходзіць ў Еўразвяз і можа нават у нейкім сэнсе для Беларусі будзе і лепш, бо фунт вельмі патаннеў і адпаведна брытанскія тавары сталі для Беларусі больш таннымі. Хоць тут справа больш тычыцца не імпарту, але экспарту беларускіх нафтапрадуктаў, але я не думаю, што гэта будзе мець нейкі траўматычны ўплыў на адносіны з Беларуссю.   

Па выніках мінулага году Вялікабрытанія была найбольшым імпарцёрам беларускай перапрацаванай нафты. Аб’ем таваразвароту між Менскам і Лонданам летась склаў восем і дзве дзясятыя працэнта ад усяго знешняга таваразвароту Беларусі. Курс фунта і індэкс Лонданскай фондавай біржы сёння раніцай працягнулі зніжэнне, нягледзячы на запэўніванні брытанскага міністра фінансаў і кіраўніка Банка Брытаніі. Фунт абясцэньваўся і ў адносінах да даляра і да еўра.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя