Ці Беларусь і Расея нарэшце ўрэгулююць газавую спрэчку?



Расейскі прэм’ер-міністр Дзмітры Мядзведзеў наведвае з двухдзённым візітам Менск, у тым ліку ён будзе абмяркоўваць і газавае пытанне. Хоць галоўная мэта візіту – гэта ўдзел у пасяджэнні кіраўнікоў урадаў ЕАЭС і СНД.

Аднак яшчэ 10-га кастрычніка Менск і Масква афіцыйна заявілі пра дасягнутыя дамоўленасці ў сферы паставак энерганосьбітаў. Пра што яшчэ маглі не дамовіцца бакі?

karbalevicz

Каментуе палітычны аглядальнік Валеры Карбалевіч:

— Цяжка сказаць, што менавіта стала «камнем преткновения» гэтых падзеяў. Расея кажа, што Беларусь не выплаціла доўг за газ, вось выплаціць доўг і ўсё будзе ў парадку. Чаму беларускі бок не хоча выплачваць доўг? Ён кажа: спачатку – падпісанне дамоўленасцяў, а потым будзем плаціць доўг. Расея кажа наадварот: спачатку доўг, а потым падпісанне. Вось вакол гэтага пытання, што першае “грошы ці крэслы” і ідзе дыскусія.

Прыгадаем, што праблема пачалася пасля таго, як Менск стаў не даплачваць Расеі за газ, паколькі палічыў кантрактную цану — несправядлівай. У адказ Расея скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь, а наша краіна павялічыла кошты транзіту расейскай нафты праз сваю тэрыторыю. Аднак каля двух тыдняў таму бакі нібыта дамовіліся, і вярнуліся да ранейшых пазіцый па аб’ёмах паставак і коштаў, акрамя таго, беларускі бок паабяцаў пагасіць недаплату за расейскі газ – а гэта 281 мільён даляраў.

Міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык казаў пра дату аплаты запазычанасці – 20 кастрычніка бягучага году. Аднак Менск так і не пералічыў грошы. Як адзначыў журналістам віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Аркадзь Дварковіч, «пералічэнне Беларуссю даплаты за расейскі газ павінна адбывацца разам з падпісаннем шэрагу пагадненняў, якія павінны прайсці праз урады абедзвюх краін».

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя