Ці чакаць зменаў у беларуска-амерыканскіх дачыненнях?



Ці чакаць зменаў у беларуска-амерыканскіх дачыненнях? Якую палітыку з прыходам новага прэзідэнта Дональда Трампа ЗША будуць праводзіць у дачыненні да афіцыйнага Менска? На гэтыя пытанні нашаму карэспандэнту адказалі лідары беларускіх дэмакратычных партый і палітычныя эксперты.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч:

– Уважліва прагледзеў усе абяцанні і ўспомніў, што ў свой час Абама абяцаў ліквідаваць турму ў Гуантанама. І да гэтага часу яна існуе. Таму я не вельмі звяртаю ўвагу на гэтыя абяцанні, якія даюць у перадвыбарчай палеміцы кандыдаты ў прэзідэнты. Я думаю, што наўрад ці нешта зменіцца. Мяркую, што ён будзе больш жорсткі да ісламскага свету. У Амерыцы існуюць праблемы, звязаныя з эмігрантамі. Я думаю, што ён будзе больш жорсткі, чым Абама. А больш я не чакаю ніякіх зменаў. Па-ранейшаму застаюцца арыентаванымі Кангрэс і Сенат – там большасць рэспубліканцаў. І была да гэтага большасць, значыць, нічога не зменіцца.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

– Я мяркую, з улікам усёй карціны выбараў, з улікам таго, што рэспубліканцы захавалі кантроль над абедзьвума палатамі ў Парламенце, можна чакаць, што падтрымка для дэмакратычных пераменаў у Беларусі будзе павялічвацца, бо рэспубліканцы заўсёды займаюць досыць цвёрдую пазіцыю па прасоўванні дэмакратыі і правоў чалавека ў свеце. Аднак паралельна, я ўпэўнены, будзе разгортвацца супраца паміж афіцыйным Менскам і Вашынгтонам. Нельга выключаць падзелу сферы ўплыву ў свеце. І ёсць рызыка, што Трамп можа пагадзіцца на тое, што Усходняя Еўропа будзе заставацца ў сферы выключнага ўплыву Расеі. Ва ўсялякім разе, я перакананы, што кантакты на афіцыйным амерыкана-беларускім роўні будуць паляпшацца. Гандаль будзе павялічвацца. Я думаю, што неўзабаве можна будзе пабачыць і прызначэннне амбасадараў у Менску і Вашынгтоне.

Старшыня Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч:

– Істотнага ўплыву выбары Трампа на дачыненні паміж Беларуссю і ЗША  не акажуць, таму што ў яго праграме вельмі малая ўвага надавалася знешнепалітычным пытанням. І ранейшая палітыка будзе захаваная. Важную ролю тут будзе граць наколькі беларускія ўлады гатовыя да зменаў, ці яны пойдуць на выкананне тых рэкамендацый, якія раней агучвалі ЗША. Таму моцных кардынальных зрухаў у бліжэйшы час чакаць не даводзіцца.

Журналіст “Газеты Выборчай” Андрэй Пачобут:

– Адна справа быць кандыдатам у прэзідэнты, іншая – прэзідэнтам. Мы павінны памятаць, што гэты чалавек радыкальна мяняў свае погляды. Я перакананы, што Трамп кандыдат, і Трамп прэзідэнт – гэта будуць розныя людзі. Менск ніколі не быў галоўным кірункам амерыканскай палітыкі. І адносіны да Менска будуць залежаць ад таго, якой будзе палітыка Трампа ў дачыненні да Расеі і таго, што адбываецца на постсавецкім абшары. Вельмі цяжка прагназаваць, бо Трамп – загадка насамрэч.

Палітычны агладальнік Аляксандар Класкоўскі:

– На мой погляд, у Трампа пакуль рукі не дойдуць да беларускага пытання. Яму трэба будзе, па-першае, вучыцца палітычнаму досьведу. Па-другое, разграбаць завалы іншых праблем. Таму нейкі час двухбаковыя дачыненні будуць ісці па інерцыі. А па вялікім рахунку, на 99% сюжэт далейшых дачыненняў будзе залежаць ад беларускага боку. Таму што Амерыка застаецца дэмакратычнай краінай, якая дэкларуе сваю адданасць адпаведным каштоўнасцям, і праз прызму гэтых каштоўнасцей будзе ацэньваць і дачыненні з Беларуссю. Таму Менску важна не наламаць дроў, а выконваць элементарныя хатнія заданні ў гэтай школе дэмакратыі. Хоць, безумоўна, ніякіх цудаў пасьпяховасці Лукашэнка дэманстраваць не збіраецца. Ён вельмі хацеў бы палепшыць дачыненнні з ЗША, але не мяняючы сутнасці свайго рэжыму. І апошнія некалькі гадоў такая палітыка маленькіх саступак дзейнічае, і, думаю, будзе дзейнічаць і надалей, таму што Захад і ЗША, ў прыватнасці, сёння арыентуюцца на геапалітчыныя меркаванні. Праціўнік №1 для іх – гэта Масква з яе агрэсіўнай палітыкай. І таму Лукашэнка ў гэтай сітуацыі выглядае не надта кепскім. І за беларускі плацдарм і за ўмоўную нейтральнасць Беларусі сёння ідзе нават пэўная барацьба. Таму, я думаю, трэнд паступовага паляпшэння дачыненняў са Штатамі мае шанец прадоўжыцца.

У беларуска-амерыканскіх дачыненнях палітычныя эксперты адзначаюць  пэўнае пацяпленне. У кастрычніку ЗША працягнулі прыпыненне санкцый супраць дзевяці беларускіх кампаній яшчэ на 6 месяцаў. Рашэнне распаўсюджваецца на кампаніі «Белнафтахім» і яе філіял у ЗША, «Белшыну», «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно», «Лакафарбу», «Нафтан» і «Полацк Шкловалакно». Рашэнне ЗША аб прыпыненні санкцый было звязана з мінулымі парламенцкімі выбарамі ў Беларусі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя