Ці не заслоняць эканамічныя інтарэсы праблемы беларускай дэмакратыі?



Стасункі паміж Беларуссю і Польшчай на афіцыйным роўні ўсё больш  паляпшаюцца. Пра гэта сведчыць і візіт  намесніка прэм’ер-міністра, міністра эканомікі Польшчы Матэвуша Маравецкага, які ўзяў удзел у беларуска-польскім эканамічным форуме “Добрасуседства-2016”.

ales-dw-833x400

Як гэта адаб’ецца на сферы абароны правоў чалавека ў Беларусі і ці не зацьмяць польскія эканамічныя інтарэсы праблемы беларускай дэмакратыі, са старшынём Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесем Бяляцкім гутарыць наш карэспандэнт.

РР: На беларуска-польскім форуме “Добрасуседства” як беларускім бокам, так і польскім у асобе Матэвуша Маравецкага было заяўлена, што беларуска-польскае сурацоўніцтва будзе паглыбляцца. Наколькі гэта адаб’ецца на сферы абароны правоў чалавека ў Беларусі?

Алесь Бяляцкі: Апошнія месяцы кантакты паміж афіцыйным Менскам і афіцыйнай Варшавай рэзка ўзмацніліся. У Беларусі было ўжо мабыць пяцёра польскіх міністраў. І прыезд віцэ-прэм’ера, які адказвае за эканоміку і фінасы, ключавыя пытанні па развіцці эканомікі Польшчы,  фактычна самы значны з апошніх, пасля наведвання Беларусі міністрам замежных спраў Вітальдам Вашчыкоўскім. Недарэмна яго прымаў Аляксандар Лукашэнка, бо беларускі бок разглядае у кантактах з Польшчай у першую чаргу эканамічныя выгоды. Я думаю, што гэтая супраца мае больш тактычны характар. Тым не менш,  гэтыя кантакты паказальныя. І, на жаль, яны не падмацаваныя нейкімі сур’ёзнымі зменамі ў самой Беларусі, што тычыцца і грамадскіх, і палітычных правоў, і самой структуры эканомікі. Бо ў нас паралельна адбылася сустрэча з намеснікам міністра замежных спраў Польшчы Марэкам Зюлкоўскім, дзе ўсе, хто спатыкаўся з ім, а гэта былі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і палітычных партый, гаварылі ў адзін голас, што беларускія ўлады імкнуцца атрымаць нейкія эканамічныя ільготы і выгоды ад паляпшэння стасункаў з Польшчай, і ў той жа час зрабіць усё, каб нічога не мяняць у сваёй краіне.  

РР: То бок, Беларусь абірае цалкам кітайскіую  мадэль развіцця?

Алесь Бяляцкі: Вельмі верагодна. Адзінае, што перашкаджае Беларусі, што мы замалая краіна. І Лукашэнка не адзін раз казаў, што „Беларусь замалая. А былі б мы паболей…” Але не трэба забывацца, што  Беларусь падпісвала міжнародныя пагадненні ў галіне правоў і свабодаў. І тое, чаго дамагаемся мы, беларускія праваабаронцы, каб наша краіна іх выконвала. Нічога большага мы не хочам. Мы хочам, каб выконвалася беларуская Канстытуцыя і каб выконваліся міжнародныя пагадненні, якія падпісвалі ўлады Беларусі. Уладам гэта не падабаецца. Яны падкрэсліваюць, што мы маем “своеасаблівы шлях развіцця”. Гэты шлях развіцця не новы. Ён нагадвае кітайскую і азербайджанскую мадэль, калі ў краіне існуе моцная аўтарытарная ўлада, якая выціскае са свайго народа ўсе сокі і ў той жа час спрабуе спрытна лавіраваць, кантактуючы з багатымі краінамі, развітай дэмакратыяй, з краінамі ЕЗ, акцэнтуючы гэтыя кантакты на эканамічных стасунках.

РР: Ці няма ў беларускіх праваабаронцаў апасення, што на тле эканамічнага пацяплення будуць заплюшчваць вочы на парушэнне правоў чалавека?

Алесь Бяляцкі: Я думаю, што беларускія ўлады неаднаразова гаварылі польскім чыноўнікам пра тое, што для паляпшэння стасункаў трэба, напрыклад, закрыць Беларускае Радыё Рацыя, тэлеканал Белсат, трэба спыніць падтрымку іншых незалежных СМІ. Я думаю, што гэтыя сігналы з беларускага МЗС ідуць да польскіх уладаў. У той жа час мы гаворым, што гэтага ні ў якім выпадку нельга рабіць, таму што ў Беларусі не адбываецца структурных зменаў. У любы момант мы можам вярнуцца да значнага ўзмацнення хвалі рэпрэсій, да дзясяткаў, а можа і сотняў палітычных вязняў. Ніхто не ведае, як будзе развівацца сітуацыя ў Беларусі ў бліжэйшы час.

Алесь Бяляцкі зазначыў, што ў Беларусі на сённяшні момант ёсць тры палітычныя вязні. Да таго ж, паводле інфармацыі Праваабарончага цэнтру “Вясна”, колькасць палітычна матываваных адміністрацыйных судовых працэсаў у 2016 годзе ў параўнанні з мінулым годам павялічылася ў тры разы.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя