Ці пакараюць польскую дэпутатку за выказванні пра дэпартацыю?



У Польшчы патрабуюць пакараць дэпутатку парламента за прапанову пра дэпартацыю атэістаў, праваслаўных і мусульман з краіны за нелаяльнасць.

Беата Матусяк-Пелюха

Беата Матусяк-Пелюха

Падляшскія палітыкі „Грамадзянскай платформы” і партыі „Навачэсна” падалі ў бюро Сейма заяўку пра парушэнне дэпутацкай этыкі Беатай Матусяк-Пелюхі.

Роберт Тышкевіч

Роберт Тышкевіч

Паводле дэпутата Сейма Роберта Тышкевіча, нельга дазваляць такіх выказванняў, бо як вучыць гісторыя, без адпаведнай рэакцыі ад словаў недалёка да дзеянняў:

– Спачатку перасоўваецца мяжа прыстойнасці таго, што дапушчальна ў палітыцы ў прасторы слоў. Калі на гэта няма адпаведнай рэакцыі, то звычайна, як вучыць гісторыя, яны могуць пазней перайсці ў дзеянні. Гэта патрабуе рэакцыі ўсіх чыннікаў публічнага жыцця.

Палітык партыі „Закон і справядлівасць” Беата Матусяк-Пелюха на адным з сайтаў апублікавала тэкст, у якім лічыць, што трэба дамагацца ад атэістаў, праваслаўных і мусульман дэкларацыі лаяльнасці перад Канстытуцыяй і польскімі каштоўнасцямі. У іншым выпадку яны павінны быць дэпартаваныя.

Абодва клубы ў Сейме „Грамадзянскай платформы” і „Навачэснай” спадзяюцца, што Беата Матусяк-Пелюха будзе пакараная пасольскай Камісіяй па этыцы.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя