Ці палепшылі пратэсты імідж апазіцыі?



Палітолаг Сяргей Нікалюк разважае пра ролю беларускай апазіцыю ў пратэстных акцыях.

Сяргей Нікалюк: Нагодай пратэстнай хвалі стала не актыўнасць апазіцыі, а часовая лібералізацыя ў краіне. У сувязі з чарговай спробай палепшыць стасункі з Захадам пэўны час улады не прымянілі сілавых дзеянняў да пратэстоўцаў. Уласна кажучы, гэта і стала каталізатарм пратэстных дзеянняў. Але як толькі сілавікі ўжылі жорсткую сілу (а пік прыйшоўся на 25 сакавіка), пратэсты ізноў сталі паўжывымі.

РР: Але ці атрымала апазіцыя нейкія дывідэнды з сітуацыі? Ці палепшыла свой імідж у вачах грамадства?

Сяргей Нікалюк: Самае сумнае заключаецца ў тым, што апазіцыя не спрабуе нават асэнсаваць тое, што адбылося. Якія былі нагоды для пратэстаў? Якая складваецца сітуацыя ў беларускай мадэлі ў цэлым? У прыватнасці, які ў пратэстах эканамічны, палітычны і сацыяльны складнік? Таму мы бачым, што ў апазіцыі застаецца ранейшы метад дзейнасці, які ў футболе называецца “бей і бяжы”. У нашым выпадку – гэта правядзенне пратэстных акцый.

РР: Акрамя гэтага ў іх арсенале больш нічога новага не з’яўляецца?

Сяргей Нікалюк: Я гэтага не бачу. І гэта ў той час, калі сітуацыя ў эканоміцы ўжо некалькі гадоў як прынцыпова змянілася і суадносна змяняецца ўспрыняцце ўлады ў грамадстве. Вы паглядзіце, якім поспехам зараз пачынае карыстацца ў Расеі Аляксей Навальны. Ён адзін перайграе ўсю апазіцыю, якая існуе там ужо некалькі дзесяткаў гадоў. І бачны рэальныя вынікі дзейнасці Навальнага. Па апошнім сацыялагічных апытаннях Левада-Цэнтра, рэйтынг расейскага прэм’ера Дзмітрыя Мядзведзева, дзякуючы расследванню Навальнага, упаў на 10 адсоткаў. І паступова пачынаюць зніжацца рэйтынгі ўсіх уладных інстытутаў. Гэта Мядзведзеў цягне іх уніз. Вось гэта і ёсць прынцыпова новыя формы дзейнасці апазіцыі, якія, да ўсяго іншага, уключаюць у сябе і пратэстныя акцыі. Але пратэсты – далёка не галоўнае ў дзейнасці каманды Навальнага. Таму беларускай апазіцыі трэба асэнсаваць тое, што адбываецца, і сваё месца ў гэтым. А яна нават не робіць ніякіх рухаў у гэтым накірунку.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя