Ці разгоняць праз тры месяцы ўрад?



Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір распавядае, чаму ўрад не можа “згрупавацца і паказаць вынікі”.

Міхаіл Чыгір

Кіраўнік краіны паабяцаў разагнаць урад, калі задачы па развіццю краіны не будуць выкананы.

«У вас яшчэ ёсць квартал для таго, каб згрупавацца і паказаць адпаведныя вынікі, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Калі няма, прыйдуць іншыя людзі, якія павінны гэтым займацца. Таму збірайцеся разам і дзейнічайце. Калі хто-небудзь нешта не цягне, уносіце неадкладна прапановы. Схавацца за спіну каго б там ні было не атрымаецца».

Міхаіл Чыгір: Такое публічнае прыніжэнне ўраду – гэта ўжо ў краіне, як традыцыя. Сістэма так пабудавана. Як быццам у сёняшнім становішчы толькі ўрад вінаваты. У той жа Адміністрацыі кіраўніка краіны, па сутнасці, яшчэ адзін ўрад, там таксама эканамічныя кіраўнікі сядзяць. Чаму яны не павінны несці адказнасць?

РР: Але ці можа Лукашэнка ад пагрозаў перайсці да канкрэтных дзеянняў?

Міхаіл Чыгір: Не, безумоўна. Калі ўсіх разагнаць, то хто тады працаваць будзе? Хаця не выключана, што асобныя кадры могуць згубіць працу. І, на мой погляд, многіх чыноўнікаў насамрэч трэба скарачаць, бо такая іх колькасць нічога акрамя выдаткаў не дае.

РР: Ураду адведзены квартал на выпраўленне хібаў у працы. Што могуць зрабіць за гэтыя тры месяцы?

Міхаіл Чыгір: Ды нічога не зробяць, усё застанецца, як і раней. Можна было б яшчэ пра нешта казаць, калі б былі аб’яўлены нейкія глабальныя рашэнні, якія змяняюць структуру кітравання. Але ж гэтага не бачым ўжо дзесяцігоддзі.

РР: Увогуле, урад нешта можа кардынальна вырашаць?

Міхаіл Чыгір: Урад сам павінен Лукашэнку прапанаваць кардынальнае скарачэнне кіруючых кадраў, якія непатрэбныя ў такіх колькасцях. Пачынаючы з сілавікоў і заканчваючы вертыкаллю ўлады. Вось тады я паверу, што могуць быць нейкія змены. Але ўрад вырашыў ціха плыць па цячэнні. Каб былі нейкія змены, трэба адстойваць перад прэзідэнтам тыя ці іншыя рэчы, змагацца за іх. Але ж гэтага няма і не прадбачыцца ў будучым.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя