Ці разварушаць дэмакратычныя кандыдаткі «парламенцкае балота»?



Экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Леанід Дзейка аналізуе, ці патрэбен сёння ў Беларусі клуб былых беларускіх дэпутатаў.

З ініцыятывай стварэння такога клуба выступіў спікер парламента Уладзімір Андрэйчанка. Па яго словах, «самае галоўнае, каб дэпутаты па заканчэнні склікання не згубіліся».

Дарэчы, сёння распачынаецца першая сесія Палаты прадстаўнікоў новага склікання.

Леанід Дзейка: Лепш ужо стварылі б аркестр самотных сэрцаў сяржанта Пепера. Бо дэпутаты, як нічога не рабілі раней, так і ў клубе нічога не зробяць. Дэпутаты нашага склікання, калі сёння сустракаюцца дзесьці, дык ім заўсёды ёсць пра што пагаварыць і ўспомніць правільныя альбо не вельмі правільныя рашэнні. А зараз, як мне падаецца, у нас не парламент, а нейкая імітацыя заканадаўчай улады. Вось маецца орган, вось — зала пасяджэнняў, а вось і самі людзі. Праўда, яны добра б выглядалі ў музеі васковых фігур, але ніяк не ў клубе дэпутатаў, бо знаходжанне там (калі зыходзіць з цывілізаваных стандартаў) мае на ўвазе нейкія спрэчкі, дыскусіі. А гэтыя ж у асноўным маўчаць, альбо талдычаць толькі пра стабільнасць. Дык навошта такі клуб? Гэтыя ў жыцці “не згубяцца”, няхай Андрэйчанка не перажывае.

РР: Можа парламент зараз крыху зменіцца ў лепшы бок, бо туды прыйшлі дзве кандыдаткі ад дэмакратычных сілаў?

Леанід Дзейка: Тое, што яны там з’явіліся, гэта, на мой погляд, вымушаная мера, на якую пайшлі ўлады. Гэта палітычны крок. Але я быў бы вельмі ўсцешаны, каб Анісім і Канапацкая змаглі б крыху разварушыць “парламенцкае балота”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя