Ці стане «Гавары праўду” партыяй? (абноўлена)



12-га лістапада ў Менску прайшоў форум грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!». Удзел у ім прыняло каля 400 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Бальшасць прагаласавала за пачатак стварэння партыі «Гавары праўду!». Вызначаны тэрмін стварэння – паўтара-два гады.

* * *

Адзін з лідараў кампаніі Андрэй Дзмітрыеў кажа, што такое жаданне і насмрэч ёсць.

Сёння кампанія “Гавары праўду” праводзіць Форум за мірныя перамены. Сярод іншых пытанняў на павестцы дня і такое – “неабходнасць трасфармацыі “Гавары праўду” ў палітычную партыю”.

Андрэй Дзмітрыеў: Жаданне пераўтварыцца ў партыю ёсць, але з гэтай нагоды ёсць і некалькі пазіцый, таму пытанне мы вынеслі на абмеркаванне. На форуме сабраліся каля 400 чалавек з усёй Беларусі, таму няхай людзі выказваюць сваё стаўленне. З аднаго боку мы гатовы да гэтага працэсу, а з іншага, безумоўна, заўсёды застаюцца пытанні, звязаныя, скажам так, са знешнім палітычным асяродкам у Беларусі, які пакуль што не вельмі добры для працы.

РР: А навошта вам тады ўвогуле станавіцца партыяй, калі няма “добрага палітычнага асяродку” ў краіне?

Андрэй Дзмітрыеў: Зараз ужо ўсе кажуць пра змешаную сістэму, і ёсць інфармацыя, што менавіта па гэтай сістэме адбудуцца парламенцкія выбары 2020 году. У такім выпадку партыя проста неабходна. Гэта дазваляе ўдзельнічаць у палітычным жыцці.

РР: Мяркуеце, што вашу партыю ўлады зарэгіструюць?

Андрэй Дзмітрыеў: Мяркую, гэта ні на што не ўплывае. Кампанія “Гавары праўду” таксама не зарэгістравана, але ж мы існуем і працуем. Дарэчы, зараз мы збіраемся шосты раз падаваць дакументы на рэгістрацыю пакуль што грамадскага аб’яднання “Гавары праўду”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота zapraudu.info