Ці ёсць для Беларусі пагроза з боку НАТА?



“Так ужо гістарычна склалася, што Беларусь знаходзіцца паміж молатам і кавадлам”, – кажа былы міністр абароны Беларусі Павел Казлоўскі.

Беларусь і Расея занепакоеныя пашырэннем НАТА на ўсход, заявіў журналістам 16 мая ў Менску міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў пасля перамоў з беларускім калегам Уладзімірам Макеем і кіраўніком Беларусі.

Сам Аляксандр Лукашэнка з гэтай нагоды выказаўся так: „Расіяне часта гавораць аб тым, што ля граніц Расіі разгортваюцца новыя кантынгенты НАТА. Трэба падкрэсліць, што перш за ўсё – ля нашых граніц, беларускіх граніц. Мы гэта бачым і прымаем без гвалту, без шуму адэкватныя меры”.

Павел Казлоўскі: Беларусь знаходзіцца паміж Усходам і Захадам і нават, калі для краіны няма прамой пагрозы з боку таго ж НАТА, то ў выпадку нейкага канфлікта яна ў баку ўсё роўна не застанецца і можа стаць закладніцай сітуацыі. Мы, так бы мовіць, апынуліся паміж молатам і кавадлам. Тэрытарыяльна так склалася.

РР: Але не толькі НАТА, але і Расея падцягвае ўзбраенне да межаў Беларусі…

Павел Казлоўскі: Усё лагічна, бо Беларусь і Расея – саюзнікі. І, паўтаруся, гістарычна заўсёды было, што наша краіна аказвалася ў эпіцэнтры нейкіх канфліктаў. Напалеон ішоў і таптаў нашу зямля, немец таптаў… Можна, натуральна, заявіць пра поўную нейтральнасць, але на практыцы так не бывае. Усё роўна ад некага залежыш.

РР: Нейтралітэт захваць не ўдасца?

Павел Казлоўскі: Мы ні з кім ваяваць не збіраемся, але ёсць пагадненні ў ваеннай сферы паміж Беларуссю і Расеяй. Ёсць адзіная сістэма супрацьпаветранай абароны. Як з гэтым лічыцца і ўпісваць сюды свой нейтралітэт? Напад на аднаго будзе азначаць напад на другога. Увогуле, здаецца, што ў 21-м стагоддзі людзі павінны былі ўжо паразумнець ды забыцца пра войны. Але ж бачым, што сёння робіцца ў свеце. Палітыкі гуляюць у свае брудныя гульні, і калі сутыкаюцца інтарэсы буйных гульцоў, то справа даходзіць да вайны. У першую чаргу ад гэтага пакутуюць простыя людзі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя