Ці ёсць у Беларусі “яркія палітыкі”?



Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” распавядае пра тое, ці складана быць “яркім палітыкам”.

Сяргей Калякін

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла днямі, што беларускія партыі становяцца больш актыўнымі, але яркіх палітыкаў у краіне пакуль не хапае. Ці так гэта?

Сяргей Калякін: Для аб’ектыўнага вызначэння “яркасці” палітыкаў найперш павінен прысутнічаць інструмент свабодных і справядлівых выбараў. Менавіта такія выбары ў выніку і даюць адказ на пытанне, ці маюцца папулярныя лідары. Але ж мы ведаем, якія выбары ў Беларусі. Калі не лічаць галасы выбарцаў, то можна казаць ўсё што заўгодна, бо няма даказальных інструментаў. І ізноў-такі – для таго, каб маглі праявіцца людзі з пэўнай харызмай, трэба, каб усе мелі аднолькавыя ўмовы доступу да тых жа дзяржаўных СМІ – асабліва да тэлебачання, якое найбольш актыўна ўплывае на настроі і сімпатыі. А гэтага таксама практычна няма. У нас адзін чалавек пастаянна фігуруе на экранах тэлевізараў на працягу больш чым 20 гадоў. Натуральна, у такіх умовах фарміруецца грамадскае меркаванне – маўляў, акрамя гэтага чалавека больш сур’ёзных палітыкаў няма. Вы запытайце ў людзей на вуліцы (асабліва ў глыбінцы), хто ў краіне прэм’ер-міністр. У лепшым выпадку толькі кожны дзесяты назаве вам яго прозвішча. Хаця, здаецца, гэта другі чалавек у краіне.

РР: Што ўжо казаць пра апазіцыйных палітыкаў, якія, калі і фігуруюць у дзяржаўным СМІ, то пераважна ў негатыўным святле…

Сяргей Калякін: Хачу зазначыць, што яркіх асобаў у Беларусі больш чым дастаткова. Мы нічым не горшыя за іншыя нацыі, многія нашыя суайчыннікі маюць вялікія дасягненні ў розных галінах. У тым ліку, яны маглі б мець поспех і ў палітыцы. Але для гэтага павінны быць створаны роўныя ўмовы для роўнай канкурэнтнай палітычнай барацьбы.  

РР: Наколькі складана ў Беларусі быць яркаму палітыку, які выступае апанентам улады?

Сяргей Калякін: Безумоўна, такі чалавек аўтаматычна трапляе пад прапагандысцкі прэс, але кожны павінен быць да гэтага гатовы. Публічныя апазіцыйныя палітыкі павінны ведаць, што іх будуць прыніжаць, і гэта не павінна быць для іх навіной.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя