Ці зменяць улады заканадаўства да парламенцкіх выбараў?



Cустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка распавядае пра магчымыя змены ў выбарчым заканадаўстве.

У справаздачы кіраўніка місіі назіральнікаў ПАСЕ Савета Еўропы Рэха Дэнеміча гаворыцца, што працэдура падліку галасоў і правілы працы назіральнікаў на выбарчых участках у Беларусі павінны быць значна палепшаныя. Ці будзе гэта зроблена да парламенцкай кампаніі?

Віктар Карняенка: Думаю, істотных зменаў не будзе, але прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці не павінны дапамагаць уладзе выкруціцца з гэтай сітуацыі. Я маю на ўвазе, што гэтыя патрабаванні па змене Выбарчага кодэкса павінны быць вельмі прынцыповыя і дакладныя. І гэта не больш за тры пункты, якія павінны быць вызначаныя не ў межах так званай лібералізацыі, а, як крок у правільным накірунку. І, калі гэтыя тры крокі не будуць выкананы, то ўсё астатняе будзе простай дэкарацыяй. Калі ж мы станем дадаваць да гэтых трох важных пунктаў іншыя, гэта будзе даваць магчымасць выбару ўладзе. Такое ўжо было аднойчы з празрыстымі скрынямі. Але глупства патрабаваць не трэба.

РР: Пра гэта, здаецца, казалі і гадоў пяць таму…

Віктар Карняенка: І паўтараць трэба пастаянна, пакуль умовы не будуць выкананыя. Першая — гарантаваны доступ апазіцыі да фарміравання выбарчых камісіяў усіх узроўняў. Другая — адсочваць правы назіральнікаў. І трэцяя — працэдура падліку галасоў павінна быць вельмі дакладна распісана. На апошніх прэзідэнцкіх выбарах каля 30 адсоткаў міжнародных назіральнікаў сказалі, што не бачылі, як ішоў сам падлік галасоў. Фактычна працэдуры падліку не было. Я б яшчэ пагадзіўся з праваабаронцамі, якія патрабуюць даваць звесткі па выніках галасавання на выбарах у разрэзе ўсіх выбарчых участкаў. Падчас гэтай кампаніі мы назіралі праколы ўлады, калі на адным участку бачылі (у нас ёсць фотакопіі дакументаў) у выніковых пратаколах, што за аднаго з кандыдатаў прагаласавалі, ўмоўна кажучы, 100 чалавек, а потым высвятляецца, што па ўсім раёне 50 галасавалі. Такія праколы былі б відавочнымі, і нам было б лягчэй адсочваць сітуацыю. Таму. ўвагу трэба сканцэнтраваць менавіта на гэтым. Не трэба нам ніякія празрыстыя скрыні ці магчымасці абскарджвання ў судах. Калі не бачыш падліку галасоў, то не важна, якая скрыня. Калі няма сапраўднага суда, то што вы там збіраецеся даказваць?

 РР: І ўсё ж-такі – могуць унесці нейкія змены ў выбарчае заканадаўства?

 Віктар Карняенка: Могуць пайсці на касметычныя змены, бо грошы ад Захаду патрэбны. Таму не выключаю, што пусцяць пыл у вочы. Але, паўтаруся, грамадзянская супольнасць павінна быць вельмі пільнай, каб не даць гэтага зрабіць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя