ЦВК гатова рэалізаваць асобныя рэкамендацыі АБСЕ



Цэнтрвыбаркам Беларусі гатовы рэалізаваць асобныя рэкамендацыі, якія змяшчаюцца ў фінальнай справаздачы назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, зробленай па выніках прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Пра гэта паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік пасля сустрэчы кіраўніцтва камісіі з дырэктарам БДІПЧ Міхаэлем Георгам Лінкам у Менску.

— Мы аніводную прапанову не пакідаем без увагі. Там тры групы прапановаў. Першая закранае змены ў канстытуцыю: прапаноўваецца змяніць умовы вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты, а гэты раздзел Канстытуцыі змяніць можна толькі рэферэндумам, і тут даваць абяцанне, што мы заўтра правядзем рэферэндум, было б папросту несалідна. Другая група тычыцца зменаў законаў: не толькі Выбарчага кодэкса, але і іншых законаў, якія тычацца палітычных свабодаў, свабодаў грамадзянаў, выбарчых працэсаў, мітынгаў, сходаў — гэта, у першую чаргу, кампетэнцыі парламента.

 

Трэцяя група датычыць павышэнне празрыстасці асобных этапаў выбарчай кампаніі, разгляду скаргаў і рэкамендацый, пашырэнне правоў міжнародных назіральнікаў у атрыманні інфармацыі.

І з гэтай групай рэкамендацый мы гатовыя працаваць ужо цяпер, каб зрабіць максімальна магчымае ўжо да парламенцкіх выбараў», — паведаміў сакратар цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя