У 2017 годзе Беларусь упершыню будзе старшынстваваць у ЦЭІ



У 2017 годзе Беларусь упершыню будзе старшынстваваць у Цэнтральна-еўрапейскай ініцыятыве. Пра гэта нагадаў падчас канфэрэнцыі “Менскі дыялог” намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Яўген Шастакоў. Афіцыйны Менск разглядае ЦЭІ як платформу для дыялогу й праграмычнага супрацоўніцтва паміж еўрапейскімі краінамі.

– Асноўным тэматычным прыярытэтам беларускага старшынства будзе сумяшчальнасць у шырокім разуменні гэтага тэрміна. Мы разумеем пад ім развіццё інфраструктурных сувязей паміж краінамі і аб’яднанне ў сферах транспарту і энергетыкі, але таксама і стварэнне сінэргій узаемадапаўняючых і эфектыўных механізмаў супрацы паміж рознымі інтэграцыйнымі працэсамі, у якія ўцягнутыя краіны-ўдзелніцы ЦЭІ.

У сваю чаргу намесьніца генеральнага сакратара Цэнтральна-еўрапейскай ініцыятывы Маргот Клестыль-Лефлер зазначыла, што ЦЭІ – гэта найстарэйшы рэгіянальны форум. Рэгіянальнае аб’яднанне існуе з 1989 году.

– Хачу згадаць пасьпяховы досьвед трохбаковага транспамежнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю, Польшчай і Украінай. Сёлета мы святкуем 20-ю гадавіну з моманту ўключэння Беларусі ў ЦЭІ. Гэта быў вельмі разумны палітычны і стратэгічны крок з боку беларускіх уладаў. Старшынства Беларусі ў ініцыятыве дадасць большага значэння аспекту Усходняга партнёрства і дазволіць усталяваць кантакты з Еўразійскімі структурамі.

Зараз у склад Цэнтральна-еўрапейскай ініцыятывы ўваходзяць 18 краінаў, у тым ліку Польшча, Україна, Чэхія й Аўстрыя. З большага гэта альбо чальцы Еўразьвязу, альбо прэтэндэнты. Беларусь трапіла ў склад ЦЭІ ў 1996 г. Сёлета паўнамоцтвы старшыні ў “Ініцыятыве” выконвае Босьнія і Герцагавіна.

 Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск