У АГП – канфлікт з нагоды праходжання ў Палату прадстаўнікоў Ганны Канапацкай



Прызначэнне дэпутатам сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Канапацкай у Палату прадстаўнікоў выклікала дыскусіі сярод яе аднапартыйцаў. Кіраўнік Менскай абласной арганізацыі АГП Віктар Малочка ўвогуле заявіў, што ў знак пратэсту рыхтуецца пакінуць пасаду.

На Гомельшчыне сябры АГП занялі менш катэгарычную пазіцыю, хоць крытыкаў рашэння кіраўніцтва партыі хапае. Актывіст АГП з Калінкавічаў Дзяніс Рабянок не ўхваляе знаходжання Ганны Канапацкай у парламенце, аднак пазбаўляцца партыйнага білета не будзе:

– Спадар Лябедзька зрабіў вельмі вялікую памылку, калі вырашыў ухваліць рашэнне Канапацкай не здаваць свой дэпутацкі мандат.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў мяркуе, што апазіцыі трэба па максімуму выкарыстаць новую сітуацыю з афіцыйным прадстаўніцтвам у парламенце.

– Ганна Канапацкая не была абраная, а была прызначаная. Выбараў па той акрузе не было як і ў цэлым па Беларусі. Іх увогуле няма апошнія 20 гадоў. Але тым не меньш, на маю думку, зараз выкарыстоўваць новыя мажлівасці – гэта больш правільна, чым рабіць дэмарш, пра які забудуць на другі дзень.

Сябра АГП Ганна Канапацкая, паводле афіцыйных дадзеных, стала пераможцай у Кастрычніцкай акрузе горада Менска. Пасля сутак кансультацыяў партыйнае кіраўніцтва вырашыла пакінуць дэпутацкі мандат сваёй прадстаўніцы, нягледзячы на факты фальсіфікацый і несправядлівых выбараў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота Белапан