У Беларусі знішчылі апошнія супрацьпяхотныя міны



Беларусь цалкам выканала ўзятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы ў межах Атаўскай канвенцыі 2003 года. Як паведамляе Міністэрства абароны Беларусі, знішчана 3,4 млн супрацьпяхотных мін тыпу ПФМ-1 пры падтрымцы Еўразвязу.

Апошнія 78 супрацьпяхотных мін ПФМ-1 будуць знішчаныя 5 красавіка на ваеннай інжынернай базе, якая знаходзіцца паблізу Рэчыцы (Гомельская вобласць). Гэта стане ключавым момантам цырымоніі, прысвечанай завяршэнню праекта, рэалізаванага пры фінансавай падтрымцы ЕЗ, мэтай якога з’яўлялася аказанне дапамогі краіне ў ліквідацыі некаторых найбольш небяспечных касетных боепрыпасаў з вадкім выбуховым рэчывам.

Паводле інфармацыі Мінабароны, Беларусь пачала знішчэнне сваіх запасаў супрацьпяхотных мін пасля далучэння да Канвенцыі аб забароне прымянення, назапашвання запасаў, вытворчасці і перадачы супрацьпяхотных мін і аб іх знішчэнні (Атаўскай канвенцыі 2003 года).

У краіне знаходзілася каля 3,4 млн супрацьпяхотных мін тыпу ПФМ-1, што засталіся ў спадчыну ад СССР. Для іх бяспечнага знішчэння краіна звярнулася да сусветнай супольнасці з просьбай пра тэхнічную і фінансавую дапамогу.

У 2011 годзе Еўрасаюз падпісаў кантракт на 3,9 млн еўра з іспанскай кампаніяй Expal, якая стварыла ўнікальны мабільны завод з камерай халоднай дэтанацыі. Тэхналогія, распрацаваная спецыяльна для знішчэння боепрыпасаў з вадкім выбуховым рэчывам, дазваляе бяспечна утылізаваць хімічныя кампаненты, якія ўваходзяць у іх склад, і адходы, што засталіся. Праект выкананы ў поўнай адпаведнасці з беларускім і еўрапейскім экалагічнымі стандартамі.

Кіраваць правядзеннем цырымоніі закрыцця праекта будзе генерал-маёр Алег Воінаў, начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны — памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва.

Таксама на мерапрыемстве будуць прысутнічаць Андрэа Віктарын, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, кіраўнікі місій краін — членаў Еўрапейскага саюза, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, а таксама адмірал у адстаўцы Францыска Тарэнтэ, старшыня савета дырэктараў кампаніі — выканаўцы праекта Expal.

БелаПАН