У Берасцейскай вобласці кандыдатаў стала на 10 меней



У Берасцейскай вобласці, паводле звестак на 5 верасня, колькасць кандыдатаў у дэпутаты зменшылася на 10, да 65 чалавек.

Як паведамілі ў абласной выбарчай камісіі, дзевяць чалавек адклікалі свае заявы пра згоду балатавацца з асабістых прычын: восем па сямейных абставінах, адзін — па стане здароўя. Адзін кандыдат зняты з рэгістрацыі рашэннем акруговай выбарчай камісіі за парушэнне артыкула 77 Выбарчага кодэкса. Ён не сышоў у адпачынак, нягледзячы на вынесеныя раней два папярэджанні з гэтай нагоды.

Сярод гэтых дзесяці кандыдатаў: тры члены Ліберальна-дэмакратычнай партыі і адзін — Камуністычнай партыі Беларусі.

У бюлетэнях для галасавання, паводле звестак на 5 верасня, застаюцца 40 прадстаўнікоў палітычных партый, з якіх 11 — Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), 8 — Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», 6 — Аб’яднанай грамадзянскай партыі, па пяць — Ліберальна-дэмакратычнай партыі і Партыі БНФ, па два — Беларускай патрыятычнай партыі і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, адзін — Камуністычнай партыі Беларусі.

6 верасня ў Берасцейскай вобласці для правядзення датэрміновага галасавання будуць адкрытыя 893 выбарчыя ўчасткі. Яшчэ 35, створаныя ў лячэбна-прафілактычных установах рэгіёна, пачнуць працу 11 верасня.

У выбарчыя спісы ўнесена 995 тыс. 304 выбаршчыкі.

Усяго ў вобласці плануецца абраць 16 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

БелаПАН