У Берасці дэмакратычнага кандыдата памылкова знялі з выбараў



Адразу на два кандыдаты паменела на Берасцейскай-Усходняй выбарчай акрузе №3. З выбараў зняліся Антон Валашчук, які быў вылучаны ад працоўнага калектыву, і Зміцер Ломаўцаў ад Беларускай Ліберал-Дэмакратычнай партыі. Старшыня Берасцейскай гарадской арганізацыі партыі левых ’’Справядлівы свет’’ Людміла Дзенісенка падкрэсліла, што памылкова быў зняты дэмакратычны кандыдат, але сітуацыя была хутка выпраўлена:

– Да кандыдата ў дэпутаты па выбарчай акрузе №2 Берасця Лубкова Аляксея звярнуліся выбаршчыкі з пытаннем, чаму ён зняўся з выбараў. Наш кандыдат быў здзіўлены. Выбаршчыкі патлумачылі, што на сайце Берасцейскага гарвыканкама з’явілася інфармацыя, што кандыдат Лубкоў зняўся з выбараў па ўласным жаданні. Я, як давераная асоба Лубкова, накіравала скаргу ў ЦВК з просьбай разабрацца ў гэтай сітуацыі. Гэтая інфармацыя вісела на сайце каля трох дзён.

Як адзначыла Людміла Дзенісенка, у Цэнтрывыбаркаме выбачылісь перад сябрамі партыі. Аднак партыйны лідар лічыць такую сітуацыю недапушчальнай.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота БелТА