У Буэнас-Айрэсе абмеркавалі беларуска-аргенцінскія адносіны



Падчас беларуска-аргенцінскіх кансультацый паміж МЗС, якія прайшлі 28 сакавіка ў Буэнас-Айрэсе, абмеркаваны ўвесь комплекс пытанняў, звязаных з развіццём двухбаковых адносін паміж краінамі, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.

Беларускую дэлегацыю на кансультацыях узначаліў намеснік міністра замежных спраў Яўген Шастакоў, аргенцінскую — першы намеснік міністра замежных спраў Пэдра Рауль Дэльгада.

Падчас перамоў асаблівая ўвага была нададзеная арганізацыі ўзаемнага абмену візітамі афіцыйных дэлегацый і прадстаўнікоў дзелавых колаў, далейшаму пашырэнню дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін.

Разгледжаныя перспектывы дыялогу па лініі Беларусь — МЕРКОСУР, узаемадзеянне ў межах міжнародных арганізацый. Адбыўся абмен думкамі па актуальных праблемах міжнароднага парадку дня.

Шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах абмяркоўваўся на сустрэчы з кіраўніцтвам нацыянальнага дырэктарата па двухбаковых эканамічных адносінах МЗС Аргенціны на чале з Даніэлем Польскім.

belapan.by