У Данецку забіты баявік Матарола



Агенцтва „Интерфакс” паведаміла, што расейскага баевіка Арсенія Паўлава, больш вядомага пад мянушкай Матарола, узарвалі ў Данецку.

Адзін з камандзіраў сепаратысцкай групоўкі ДНР быў узарваны ў ліфце дома, дзе пражываў. Спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаванне. Пры тым загінуў і ахоўнік Матаролы.

„Интерфакс” піша, што ў замаху „падазраваецца ўкраінская дыверсійная група”, абвешчаны вышук падазраваных.

Баевіка дзень і ноч ахоўвалі ўзброеныя людзі. Таму разам з Арсенем Паўлавым загінуў яго ахоўнік, паведамляюць мясцовыя СМІ.

Бомбу замацавалі на тросе ліфта.

Па сведчаннях відавочцаў, выбух у пятым пад’ездзе дома №121 на вуліцы Чалюскінцаў у Данецку быў даволі моцны.

„Мне вынесла дзверы ў пярэгарадцы і разнесла камору”, — расказала СМІ адна з жыхарак дзевяціпавярховага дома.

Арсеній Паўлаў (Матарола) – актыўны ўдзельнік збройнага канфлікту на ўсходзе Украіны, камандзір супрацьтанкавага спецыяльнага падраздзялення ДНР, грамадзянін Расеі. Удзельнічаў у дыверсійных і баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны з 2014 году.

СМІ і спецслужбы Украіны неаднаразова заяўлялі пра яго гібель, аднак гэтая інфармацыя не пацвярджалася. У СБУ ёсць сведчанні відавочцаў, што Паўлаў-Матарола асабіста расстрэльваў палонных украінскіх вайскоўцаў „толькі за тое, што яны былі танкістамі і артылерыстамі”.

Гібель Матаролы пацвердзіла пазней і „міністэрства абароны ДНР”.

Беларускае Радыё Рацыя, фота rusvesna.su