„У Еўразвязе непрыхільна ставяцца да нацыянальных дзяржаваў”



„У Еўразвязе пераважна непрыхільна ставяцца да нацыянальных дзяржаваў”, – сказаў у Беластоку старшыня кіроўнай партыі ў Польшчы «Закон і Справядлівасць» Яраслаў Качыньскі. Паводле яго словаў брытанскі рэферэндум — гэта вынік дзеянняў еўрапейскіх палітыкаў. «Багацце Еўропы ў культурнай і грамадскай разнастайнасці, якую можна спрабаваць аб’ядноўваць, але па іншых прынцыпах, чым да гэтай пары», — гаворыць Яраслаў Качыньскі:

— Гаворка пра стварэнне «супердзяржавы» Еўразвязу, пры адначасовым захаванні шырокай аўтаноміі паасобных дзяржаваў. Гэта магчыма і ёсць падобныя гістарычныя прыклады. Дакладна патрэбныя змены і несумненна трэба адкінуць той фатальны прынцып, які нястомна абвяшчалі: калі адбываецца нешта кепскае, дык трэба больш Еўропы і больш інтэграцыі, то бок больш улады Бруселю, а насамрэч — больш улады для Берліна і Парыжа.

Яраслаў Качыньскі кажа, што яшчэ ёсць шанс для Вялікабрытаніі, жыхары якой не выключаюць правядзення паўторнага рэферэндуму:

— Наша канцэпцыя прадугледжвае захады для таго, каб Вялікабрытанія вярнулася ў Еўразвяз, каб правялі другі рэферэндум. І такая тэндэнцыя ў Вялікабрытаніі ёсць. Сёння Вялікабрытанія знаходзіцца пад пагрозай распаду і гэта трэба выкарыстаць. Але Еўразвяз павінен змяніцца, радыкальна змяніцца.

 

Як падкрэслівае палітык за брытанцамі могуць пайсці французы, галандцы ды аўстрыйцы і арганізаваць рэферэндумы ў сваіх краінах. Таму трэба як мага хутчэй пачаць рэфармаваць Еўразвяз – мяркуе ён

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток